Общество > Сельская жизнь

4152

У аб’ектыве – Вышамірскі сельскі Савет

 +

З любоўю да роднай зямлі

На паўднёвай ускраіне Рэчыцкага раёна, ад Ганчароўкі і да амаль зніклай вёскі Лясное, дзе сёння жывуць толькі два пенсіянеры, распрасцёрліся абшары Вышамірскага сельсавета. Вёсак, што ў яго ўваходзяць, цэлы тузін, а тэрыторыя зараз складаецца з тэрыторый двух былых Саветаў – непасрэдна Вышамірскага і далучанага да яго ў 2014 годзе былога Новабарсуцкага. Пад “юрысдыкцыяй” вясковай адміністрацыйнай адзінкі пражывае зараз амаль 1 240 чалавек. Пра найбольш паважаных і адметных з іх – у нашым аповядзе.

Старшыня Вышамірскага сельсавета Анатоль МЕЦЕЛЬ:

– У сувязі з аб’яднаннем з Новабарсуцкім сельсаветам сёння наша тэрыторыя дастаткова вялікая і раскіданая. Тым не менш мы імкнемся падтрымліваць у населеных пунктах Савета належны парадак. У тым ліку і з дапамогай прадпрыемстваў і арганізацый, што размешчаныя на нашай тэрыторыі, і тых, за якімі нашыя населеныя пункты замацаваныя адпаведнымі рашэннямі раённага ўзроўню. Варта зазначыць, што асноўным прадпрыемствам, з якім мы найбольш шчыльна супрацоўнічаем, безумоўна, з’яўляецца мясцовая гаспадарка – КСУП “Фрунзэ-Агра”. З яе кіраўніком Валянцінам Маркаўцом у нас поўнае ўзаемаразуменне, за што хацелася б праз газету выказаць яму шчыры дзякуй.

Але акрамя сельгаспрадпрыемства на тэрыторыі сельсавета маецца яшчэ, напрыклад, дзве ўстановы адукацыі –
Вышамірскі дзіцячы садок-сярэдняя школа і Новабарсуцкі дзіцячы садок-базавая школа. Пры гэтым школа ў Вышаміры падтрымлівае парадак у вёсцы Лецяшын, а Новабарсуцкая – у Маладушы. Новабарсуцкая амбулаторыя прыбірае вёску Зара Свабоды, а лясніцтва – Стары Барсук. Акрамя іх на тэрыторыі Савета дзейнічаюць два фельдчарска-акушэрскія пункты: у Вышаміры і Маладушы.

Установы культуры прадстаўленыя Цэнтрам культуры і вольнага часу аграгарадка Вышамір, Новабарсуцкім сельскім домам культуры і Цэнтрам рамёстваў у Маладушы. Працуюць таксама дзве бібліятэкі і два аддзяленні сувязі: у Вышаміры і Новым Барсуку. У гэтай вёсцы таксама дзейнічае аптэка.

А гандлёвыя паслугі нашым жыхарам аказваюць тры стацыянарныя крамы райспажыўтаварыства і адна Рэчыцкага хлебазавода. Невялікія населеныя пункты абслугоўваюцца перасовачнымі крамамі.

У комплексным прыёмным пункце ў Вышаміры таксама можна атрымаць разнастайныя побытавыя паслугі. Акрамя таго, для падтрымання населеных пунктаў у належным стане за раённымі вузламі электрычнай і паштовай сувязі замацаваныя адпаведна Вышамір і Новы Барсук.

Для выканання работ па добраўпарадкаванні ў нас створана брыгада, якая ажыццяўляе работы па абкосцы тэрыторый грамадскіх месцаў, высечку хмызнякоў. Заробак гэтым рабочым выплочваецца сельгаспрадпрыемствам. Адна з асноўных задач, якая зараз выконваецца на тэрыторыі сельсавета, – гэта раскарчоўка тэрыторыі паўз дарогу, што злучае цэнтр Савета з аўтатрасай Рэчыца – Хойнікі, і ўвод земляў, што вызваляюцца ад непатрэбнай хмызовай расліннасці, у севазварот.

Пры гэтым мы робім гэтыя работы разам з КСУП “Фрунзэ-Агра” вельмі ашчадліва, каб не парушыць прыродную прыгажосць: некалькі дрэўцаў ясеня, што прытуліліся на самым адкосе дарогі, мы пакінулі, і трактары сельгаспрадпрыемства старанна іх абворваюць, а вока мілуецца цудоўным краявідам. А зазірніце на невялікую сажалку ў Новым Барсуку! Менавіта яе ўвесну нагледзела для свайго гнязда пара велічных белых лебедзяў, якія ўсё лета там жылі, вывелі сваіх шэранькіх нашчадкаў, да якіх прыязджалі людзі нават з суседніх вёсак, кідалі ім хлеб, каб такая жывая прыгажосць лепей пачувалася на нашай зямельцы. Бо як жа ж не берагчы і не любіць гэтую зямлю?! Яна ж – наша родная!


Ролю, якую адыгрывае ў любой вёсцы ўстанова культуры, цяжка пераацаніць. Гэта асяродак і выхавання, і адпачынку, і самаразвіцця, і шмат чаго яшчэ. Менавіта такія місіі і ў Цэнтра культуры і вольнага часу аграгарадка Вышамір, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Людміла ШАЛЫПА.

Акрамя таго, што паводле асноўнага свайго месца працы Людміла Васільеўна кіруе шмат якімі мастацкімі аб’яднаннямі ва ўстанове культуры, яна яшчэ і дапамагае рабіць першыя крокі ў музыцы і самым маленькім жыхарам Вышаміра і навакольных вёсак: з’яўляецца педагогам дапаўняльнай адукацыі ў мясцовым дзіцячым садку-сярэдняй школе. Тут яна вядзе два гурткі: тэатральны і вакальнахаравы. Тыя ж дзеткі, якія супрацоўнічаюць з Людмілай Шалыпай у клубе, займаюцца ў танцавальным калектыве “Канфеці” і вакальна-харавым “Спяваем разам”. Кіруе апантаная народнай творчасцю жанчына і дарослай фальклорнаю групай з назваю “Вечарына”, а таксама аматарскім аб’яднаннем “Сям’я”.

Дарэчы, у гурце “Вечарына” зараз спяваюць народныя песні 10 жанчын ва ўзросце ад 23 і да 50 гадоў. Сама ж Людміла Васільеўна акампануе ім на акардэоне. Разам з самадзейнымі артыстамі і мясцовымі жыхарамі ў Вышаміры адрадзілі традыцыю святкавання Купалля і Калядаў.

Нарадзілася Людміла Шалыпа ў вёсцы Амелькаўшчына, што на Хойніччыне. Ды Чарнобыльская навала прагнала іхнюю сям’ю з родных мясцін. Дарэчы, на свята Троіцы жыхары Амелькаўшчыны ўсё ж з’язджаюцца ў пакінутую сваю родную вёску. Кранальныя хвіліны сустрэчы з малой радзімай сёлета ўпрыгожыў выступ фальклорнага ансамбля з Вышаміра пад кіраўніцтвам Людмілы Шалыпы.

Яшчэ са школьных гадоў Людміла была слыннаю спявачкаю сярод юных жыхароў Вышаміра. Ездзіла і ў поле, каб павесяліць камбайнёраў ды аратых. А ў клуб яе запрасіў колішні старшыня калгаса “22 з’езд КПСС” Антон Караленка. З таго часу яна скончыла Гомельскае вучылішча мастацтваў імя Сакалоўскага і цяпер шчодра адорвае плёнам свайго таленту многіх землякоў.

Акрамя сваіх асноўных абавязкаў Людміла Васільеўна яшчэ і актыўны грамадскі дзеяч: старшыня бацькоўскага камітэта школы і дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў. Прычым, дэпутат адказны і неабыякавы: да прыкладу, не так даўно побач з яе домам пасялілася сям’я бежанцаў з зоны вайсковага канфлікту ва Украіне, то Шалыпы дапамагаюць чым магчыма людзям, якія мусілі кінуць на сваёй радзіме ўсё ўласнае майно, а ў бліжэйшых дэпутацкіх планах – арганізацыя ачысткі сажалкі, што ўпрыгожвае цэнтр аграгарадка.

Ну і самае галоўнае гэта тое, што Людміла Шалыпа – пяшчотная маці і клапатлівая гаспадыня: яе дачушка-адзінац-
цацікласніца Ангеліна ўжо іншы раз нават падмяняе маці ў яе творчых праектах, гадуе Людміла Васільеўна і двух сыноў: дзевяцікласніка Іллю і маленькага гарэзу (нібы і мама) – Яраслава, які пакуль наведвае дзіцячы садок. Ды й
сямейны тыл мужа – перадавіка-механізатара Мікалая Міхайлавіча – наша гераіня таксама забяспечвае вельмі надзейна!


У Новым Барсуку і ў яго наваколлі Ірыну МІНАРЧАНКА ведае ці не кожны жыхар. А як жа ж не ведаць: яна мала што ўзначальвае Новабарсуцкі дзіцячы садок-базавую школу, але яшчэ і з’яўляецца дэпутатам мясцовага Савета: прадстаўніком цікавасцяў тутэйшых жыхароў.

Сама Ірына Паўлаўна карэнная гараджанка. Ну, прынамсі, была калісьці. Цяпер ужо жыцця ў бетонных джунглях ды на паверхах яна нават не ўяўляе. А калісьці гадавалася на пагорках “беларускай Швейцарыі” – горада Мазыра. Там жа і ў педагагічны інстытут паступіла. Адтуль яе, як у тыя часы ўсіх студэнтаў, “на бульбу” павезлі. А “бульба” тая аказалася аж у Рэчыцкім раёне, у вёсцы з цікавай назвай – Новы Барсук.

Не толькі назва зацікавіла тут маладзенькую студэнтачку. Прывабіў ейнае сэрцайка адзін барсуцкі хлапец. Ды так, што і ў Мазыры пра яго і ўдзень і ўночы думала. Хутка маладыя і шлюбам пабраліся. А як Ірына сваю вучобу скончыла – да мужа прыехала. Настаўнікі ў мясцовай школе былі патрэбныя. Шмат гадоў адпрацавала Ірына Паўлаўна настаўніцай пачатковых класаў: дапамагала маленькім вяскоўцам рабіць першыя крокі ў свет ведаў.

А потым ёй і кіраўнічую пасаду даверылі: вось ужо сем гадоў узначальвае яна мясцовую ўстанову адукацыі, якая не так даўно стала аб’яднанаю – пад адным дахам сабраліся і школьнікі, і зусім маленькія выхаванцы дзіцячага садка. Праўда, апошнім часам колькасць тых, хто носіць на спіне школьны заплечнік, у абодвух Барсуках і наваколлі ўсё менее ды менее. Сёння ў школе вучыцца ўсяго 43 вучні, ды 14 дзетак займаюцца ў дзіцячым садку. Пры гэтым калектыў, якім кіруе дырэктарка, – 13 педагогаў і 11 чалавек абслугоўваючага персаналу.

Але свае педагагічна-кіраўнічыя абавязкі Ірына Мінарчанка вось ужо больш за пятнаццаць гадоў спалучае з грамадскімі – дэпутацкімі. Яе акруга – суседняя вёска Стары Барсук. Насельніцтва там у асноўным ужо немаладое, таму і праблемы сельскаму дэпутату даводзіцца вырашаць адпаведныя. Не так даўно Ірына Паўлаўна дбала пра рамонт калодзежаў у вёсцы. Адзінокім жыхарам арганізоўвала прывозку дроў. У гэткіх звычайных праблемах землякоў і жыве.

Выгадаваўшы дачку і двух сыноў, Ірына Паўлаўна, як і любая клапатлівая маці, дапамагае сваім дзеткам. А для гэтага трымае на ўласным падворку чатырох свіней, курэй, індыкоў. Такое яно – жыццё вясковае!


Калі ісці па цантральнай вуліцы Маладушы, то селішча Тамары СМОЛЬСКАЙ абавязкова заўважыш: яно наўпрост кідаецца ў вочы сваёй прыгажосцю, прыбранасцю і безліччу кветак, якія захаваліся нават у цяперашнюю восеньскую пару.

Родная Маладуша – гэта любоў Тамары Уладзіміраўны. І гэтую сваю любоў да малой радзімы яна ўвасабляе ў тым, каб зрабіць мілую сэрцу вёску найпрыгажэйшай. Уся яе сціплая хаціна ледзь не ўвесь год патанае ў квецені – нарцысы, півоні, вяргіні, гладыёлусы, рамонкі, хрызантэмы радуюць тут вока ад першых адлігаў і да першых маразоў. А рупліва пафарбаваны плот, аздоблены ганак, выкашаная збочына дарогі дадаюць адметнага хараства.

Жыве дбайная жанчына, якая працуе санітаркай у Новабарсуцкай амбулаторыі, разам з дачкой Ірынай ды зяцем Віталем, якія таксама дапамагаюць даглядаць падворак ды ўпраўляцца з гаспадаркаю: дзве свінні, куры і каля 30 трусоў таксама патрабуюць да сябе клопату.      


Памочнік старшыні сельсавета ў вёсцы Маладуша Уладзімір МАЖЭЙКА працуе сацыяльным работнікам: дапамагае трынаццаці мясцовым жыхарам даволі паважанага ўзросту. Відаць, дапамагаць людзям – гэта сапраўды ягонае пакліканне, таму і за грамадскія абавязкі памочніка старшыні ўзяўся.

Маладуша – родная для Уладзіміра Анатольевіча вёска. Тут узгадаваўся, тут і спатрэбіўся. Акрамя працоўных абавязкаў па дапамозе састарэлым людзям, дапамагае і ў вырашэнні праблем усёй вёскі: недзе не гарыць ліхтар, камусьці трэба ўзяць нейкую паперу ў сельсавеце. Усе звяртаюцца да гэтага добраахвотнага прадстаўніка мясцовай улады, а той ужо ўмее такога кшталту пытанні вырашаць. А яшчэ актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні: нават калі ў вёску прыязджалі працаваць замацаваныя прадпрыемствы, ён заўжды і сам быў у першых шэрагах.

Акрамя таго, сям’я Мажэек – Уладзімір і Людміла – дбайныя гаспадары. Наўпрост за хатай збудаваныя тры цяпліцы на плошчы ў 1,5 соткі, дзе вырошчваюцца памідоры і агуркі. А ў агародзе ўжо некалькі гадоў акрамя звычайных вясковых градак ёсць яшчэ і самая сапраўдная бахча, дзе выспяваюць вельмі смачныя кавуны: залетась адзін з пузата-паласатых пацягнуў ажно на 16 кілаграмаў 700 грамаў! Пачыналі з некалькіх пасеяных на пробу зярнятак, якія жонка прывезла з Крыма, а цяпер ужо абменьваюцца з такімі ж аматарамі спецыяльнымі гатункамі. Гаспадар у сваім двары ёсць і добрым гаспадаром у вёсцы!


Жыве ў Духанаўцы, што амаль перад самым Вышамірам, калі ехаць з боку Новага Барсука, цудоўная і вельмі цікавая жанчына – чалавек паважаны многімі ва ўсім наваколлі – Марыя Лаўрэнцьеўна МІКУЛІНСКАЯ.

У яе і працоўны шлях надта выбітны, але і галоўная жаночая місія – быць маці – больш чым выкананая. Сямёра дзяцей выгадавала наша гераіня.

Родам Марыя Лаўрэнцьеўна з суседняга з Вышамірам Лецяшына. Там яе бацька яшчэ да вайны працаваў ветэрынарным урачом. У Духанаўку, як яна сама сказала, Марыя “выйшла замуж”. Пасля сканчэння ў 1952 годзе курсаў пры Рэчыцкім зааветтэхнікуме рабіла ў мясцовым калгасе “Імя Сталіна” заатэхнікам. Давялося нават раённы Чырвоны сцяг як найлепшай працаўніцы атрымліваць. Потым у калгаснай канторы вяла ўлік работы брыгад і трактарыстаў. Нават калі немаўлятка нараджалася ды трэба было яго песціць, да Марыі Лаўрэнцьеўны дахаты насілі паперы, ды яна дома справаздачы рабіла. А потым яшчэ 17 гадоў аддала працы фуражырам на складзе. Агульны працоўны стаж Марыі Мікулінскай складае 41 год.

І пры гэтым яны з мужам Аляксандрам Раманавічам, які працаваў і шафёрам, і камбайнёрам, і механікам на комплексе, знаходзілі час на тое, каб гадаваць дзетак. Цяпер ужо старэйшы Пятро таксама працягвае бацькаву працу – круціць абаранак стырна аўтамабіля ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Таваразнаўцам у адной з гандлёвых сетак сталіцы Беларусі працуе дачка Вольга. Бухгалтэрыяй а аддзяленні “Белсаюздруку” загадвае дачка Галіна. У дзіцячым садку аж у Чалябінску працуе дачка Наталля.

А сын Аляксандр аддаў шмат гадоў працы кіроўцам у калгасе, цяпер, на жаль, хвароба не дала працягваць работу. Беларускую і рускую мовы выкладае ў школе ў Перавалоцы дачка Людміла. Яе калега – малодшая Святлана, што вучыла дзетак роднай, а таксама сусветнай мове – англійскай – у Чырвонай Дуброве, зараз у адпачынку па догляду за дзіцём. Дарэчы, унукаў у Марыі Лаўрэнцьеўны – шаснаццаць. Ды яшчэ і трынаццаць праўнукаў. Калі ўся радня з’язджаецца ў Духанаўку, у хаце збіраецца паўсотні чалавек!


Падыходзячы на адной з вуліц Маладушы да прыземістай хацінкі, відаць, збудаванай недзе адразу пасля вайны, заўважаеш уражвальную яе прыбранасць і чысціню. Што ж за гаспадар тут жыве? Грукаю клямкай на брамцы і бачу ў двары таненькую, сухенькую бабулю. Жыве адна. Але ж любіць парадак. Таму і ў хаце, і ў двары, і з вуліцы – усё адметна ўпарадкавана. А клічуць немаладую ўжо рупліўку Ніна Аляксееўна БРЫГАДЗІНА.

Калісьці, як Ніна Аляксееўна была яшчэ дзяўчынкаю, яе бацька прыехаў з Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў Маладушу на працу. Ды тут і застаўся. Счаравала яго адна мясцовая жанчына. Сюды ж і Ніну, якая гадавалася без маці, забралі. Тут узрасла. Тут дзяцей узняла: сёння старэйшая Галіна аж у Карэліі жыве, медыкам робіць, а сын Генадзь – на аўтобусе ў Рэчыцы. Выпалі на долю Ніны Аляксееўны розныя выпрабаванні. Амаль два дзесяцігоддзі адрабіла яна даяркаю на мясцовай ферме. Так сталася, што і хату, дзе расла, страціла. Але сельскі Савет выдаткаваў адзінокай бабулі для пражывання старую хаціну, у якой не было ўжо гаспадароў. Ну а Ніна Брыгадзіна, нягледзячы на пачэсны ўзрост, давяла хатку да толку. Цяпер яе селішчу зайздросцяць нават маладзейшыя жыхары Маладушы.


Валянціна ЖУР, нягледзячы на тое, што ўжо некалькі год, як дасягнула пянсійнага ўзросту, працягвае працаваць лабарантам у КСУП “Фрунзэ-Агра”. А яшчэ – мае вельмі прыгожае захапленне і талент. Яна – надта ўдалая майстрыха.

На сваю асноўную работу – на фермы ды да малакавозаў – яна мусіць ісці рана: а палове на сёмую раніцы ўжо на месцы. Малако збірае і правярае яго якасныя паказчыкі па ўсёй гаспадарцы. Потым разам з малакавозамі едзе на малочныя заводы здаваць каштоўную прадукцыю. Пры гэтым апошнім часам каля паловы ўсяго зда-
дзенага сельгаспрадпрыемствам малака рэалізуецца гатункам “Экстра”, вялікая частка – вышэйшым гатункам, ды зусім нязначная доля – першым.

А наўпрост уночы да Валянціны Дзмітрыеўны можа надысці творчы парыў. Яна сама кажа: “Нібы хвароба якая: і вышыванне, і вязанне – уночы ўстаю і вышываю ці вяжу”. Уся хата ў майстрыхі ў яе вырабах. Паказвае на посцілку на фатэлі:

– Гэта яшчэ ў школе, нават не памятаю, у які клас хадзіла: мама наткала, а я вышывала.

Яшчэ ў дзяцінстве захапілася яна гэткім дзівосным майстэрствам. З таго часу Валянціна Дзмітрыеўна гэтым апантаная. І не толькі вышывае, але і вяжа – і кручком, і спіцамі. У яе дачкі Наталлі, што жыве ў Жлобіне ды працуе санітарным фельчарам, у кватэры шмат вышытых ёю карцін. Вышывае і іконы. Упрыгожваюць яе творы і жытло сына, што жыве і працуе механізатарам у Калінкавічах.

Але таленавітая майстрыха і гаспадарку дбайна трымае. У хляве рохкаюць чатыры свінні, па двары паважна ходзяць 20 качак ды куры, якіх нават не лічыць. Не так даўно трымала яшчэ і каля трох дзясяткаў трусоў.
Гаворыш з такімі людзьмі і дзіву даешся: калі толькі яны ўсё паспяваюць!?


Ёсць у скверыку, што разам з сажалкаю аздобіў цэнтр Вышаміра, свае адметныя разыначкі: прыгожыя драўляныя альтанкі з выразанымі карункамі. А вось гэта – іх аўтар: Ігар ГРУШАНАЎ.

Працуе Ігар Аляксандравіч апошнім часам у будаўнічай брыгадзе КСУП “Фрунзэ-Агра”: рукі ў яго насамрэч залатыя. Пачынаў ён працу кіроўцам аўтамабіля ў колішнім калгасе “22 з’езд КПСС” яшчэ адразу пасля школы, потым ахоўваў калгасную маёмасць, аж пакуль кіраўніцтва не заўважыла асаблівага майстэрства руплівага вяскоўца.

Сам Ігар Аляксандравіч родам з Вышаміра. Разьбярствам ён захапіўся яшчэ адразу пасля службы ў войску. Выразаў для сябе, аздабляў уласную хату. А цяпер дадае свой унёсак у добраўпарадкаванне роднага сяла. Менавіта да яго звярнуўся старшыня сельсавета па такую важную справу. Ігар Грушанаў з радасцю пагадзіўся. Ды яшчэ і сельгасаб’екты з падачы Ігара Аляксандравіча сёння займелі такія ж адмыслова выразаныя альтанкі. А землякі толькі ўдзячныя таленавітаму майстру.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети