30/03/2016

У Рэчыцкім раёне распачата веснавая сяўба

У актыўную стадыю ўвайшла сяўба яравых культур у сельгаспрадпрыемствах раёна. Сухая пасля маласнежнай зімы глеба ды цёплае сонечнае надвор’е вымагаюць ад земляробаў найбольш зладжанай работы, каб правесці сяўбу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

У актыўную стадыю ўвайшла сяўба яравых культур у сельгаспрадпрыемствах раёна. Сухая пасля маласнежнай зімы глеба ды цёплае сонечнае надвор’е вымагаюць ад земляробаў найбольш зладжанай работы, каб правесці сяўбу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

Паводле інфармацыі агранамічнай службы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, станам на 28 сакавіка ў раёне пасеяна амаль 1 200 гектараў ранніх яравых зерневых культур, але гэта складае ўсяго 3% ад запланаванага. Асноўныя валаўтваральныя гаспадаркі, дзе глеба пакуль на большасці палеткаў утрымлівае збыткоўную вільгаць, да сяўбы прыступілі зусім нядаўна, калі тэмпература паветра дасягнула адзнакі, неабходнай для прарастання зярнятаў. Але там і тэхніка цалкам падрыхтаваная, і ўвесь комплекс забеспячэння дазваляюць правесці сяўбу ў самыя сціслыя тэрміны. У той жа час у сельгаспрадпрыемствах з супяшчанымі палеткамі, размешчанымі на высокіх месцах, ужо ва ўсю шчыруюць трактары з сеялкамі.

Механізатар  КСУП «Саўгас Выток»  Аляксандр Ціханчук
Механізатар КСУП «Саўгас Выток» Аляксандр Ціханчук

Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Саўгас Выток» у прайшоўшы аўторак высявала авёс на палетках агульнай плошчаю ў 230 гектараў паблізу Рэчыцы. Малады механізатар Аляксандр ЦІХАНЧУК, які ўсяго два гады таму перайшоў на працу ў «Выток», але ўжо здолеў заслужыць давер кіраўніцтва і да гэтага сезона атрымаць магутны энерганасычаны трактар «Беларус 3522», да працы ставіўся асабліва старанна. Гэта яго першая сяўба ў якасці трактарыста пасяўнога агрэгата. Тым больш што сееў жа амаль каля свайго дома: два гады таму ён ажаніўся, і маладая сям’я пераехала жыць у Рэчыцу з Вышаміра, дзе хлопец пасля заканчэння Рэчыцкага аграрна-тэхнічнага ліцэя пяць гадоў працаваў механізатарам. Тут і маленькі сын Жэнька нарадзіўся, цяпер яму паўгода. Але, нават жывучы ў горадзе, Аляксандр не змог адарвацца ад зямлі ды пайшоў на працу ў прыгараднае сельгаспрадпрыемства. Поле, якое ён засяваў падчас нашага наведвання «Вытоку», Аляксандр Міхайлавіч з сям’ёй будзе назіраць усё бліжэйшае лета з вокнаў сваёй новай кватэры. Дарэчы, у планах маладога механізатара сёлета падчас жніва перасесці і на камбайн ды актыўна паўдзельнічаць ва ўборцы.

Кіроўца аўтамабіля-загрузчыка збожжа Аляксандр Пяткевіч
Кіроўца аўтамабіля-загрузчыка збожжа Аляксандр Пяткевіч

Разам з асноўным героем сяўбы на полі працавалі кіроўца аўтамабіля-загрузчыка збожжа Аляксандр ПЯТКЕВІЧ (на здымку) ды рабочы гаспадаркі Мікіта ГУЛІД. У іх функцыі ўваходзіла своечасовае напаўненне пасяўнога агрэгата насеннем, каб не здаралася прастояў, бо ў вясновы дзень у земляробаў на рахунку кожная хвіліна.

Паводле слоў Віктара Гаўрыленкі, намесніка дырэктара КСУП «Саўгас Выток» па вытворчасці, усяго станам на 29 сакавіка гаспадарка пасеяла 380 гектараў ранніх яравых культур. Сёлетнія ж планы сяўбы ў «Вытоку» дастаткова ўнушальныя: 800 гектараў зерневых, 1 300 гектараў кукурузы на зялёную масу і 200 – на зерне, а таксама 150 гектараў бульбы.

Пажадаем жа сельскім рупліўцам спрыяння надвор’я і добрага ўраджаю!



--- взято с сайта dneprovec.by ---