Экономика > Сельское хозяйство

3379

У Рэчыцкім раёне ў самым разгары азімая сяўба

 +

Апусцелыя пасля лета палеткі чакаюць новае зерне. Восень – час сяўбы азімых збожжавых. І гэтая праца актыўна вядзецца ў сельгаспрадпрыемствах.

На большай частцы тэрыторыі раёна належных дажджоў не было ўжо амаль тры месяцы. Пасеяныя зярняты кладуцца ў сухі пясок, практычна ў пыл.

– Ужо амаль месяц, як пасеялі на гэтым полі азімы трыцікале, а рунь так і не з’явілася, – роспачна кажа галоўны аграном КСУП «Фрунзэ-Агра» Аляксандр Судаленка, ідучы па палетку, дзе з-пад падэшваў, нібы на папялішчы, узнімаецца слуп пылу. – Такое надвор’е, канешне, затрымлівае восеньскую сяўбу. Усё спадзяемся дачакацца сапраўды восеньскага надвор’я, перачакаць гэтую сушу. Бо пасеенае насенне ляжыць у глебе і нават не спрабуе прарастаць. А расліна ж да зімы павінна прайсці пэўныя стадыі ў сваім развіцці, каб увесну пачаць рост і фармаванне коласа.

Паводле словаў спецыяліста, станам на 21 верасня ў гаспадарцы пасеяна 615 гектараў азімых збожжавых, у тым ліку 400 гектараў азімай пшаніцы і 215 – трыцікале. Акрамя таго, на 527 гектарах высеяны азімы рапс. Гэтая культура таксама не пачынае свайго развіцця з-за дашчэнту высушанай глебы.

Сухое надвор’е стварае нязручнасці не толькі раслінам. Цяжка даводзіцца і тым, хто працуе на сяўбе. Кожны трактар літаральна патанае ў густым пылавым воблаке, пыл трапляе ў кабіны, ляціць на ўсе агрэгаты, забруджвае рабочыя органы механізмаў, што часцяком іх псуе і стрымлівае тэмпы сяўбы.

І хаця, едучы ў «Фрунзэ-Агра», мы на выездзе з Рэчыцы трапілі пад даволі спорны дождж (першы за апошнія два месяцы), за Ровенскай Слабадой нават прыкметаў нейкага дажджу не назіралася. Недзе ў далечыні бачыўся вялізны слуп пылу і бегаў, відаць з дыскавай бараной, ледзь заўважны трактар. Цяжка нават уявіць, як працуецца механізатару ў такіх умовах.

А мэтай нашай дарогі быў адзін з палеткаў КСУП «Фрунзэ-Агра». Пасяўное звяно ў складзе механізатараў Канстанціна БАРУШКОВА і Сяргея ЧАРЭЎЧАНКІ пад кантролем агранома па абароне раслінаў Віктара МІХАЛЬЦОВА (на здымку – злева направа) высявала азімую пшаніцу на полі каля вёскі Маладуша. Тут глеба тарфяністая, чорная, але ж таксама сухая, нібы попел. І за трактарамі цягнуцца працяглыя, бачныя здалёку шлеі пылу. Пылам жа пакрыта і ўсё ў кабінах. Механізатарам можна толькі паспачуваць у такіх умовах сяўбы.

Тым не менш вопытныя супрацоўнікі выконваюць свае заданні старанна. Канстанцін Барушкоў працуе ў гаспадарцы больш за трыццаць гадоў. Раней шчыраваў на галоўнай працоўнай «лашадцы» беларускай сельскай гаспадаркі – трактары МТЗ-80, апошнія ж гады – на энерганасычаным «Беларусу-3022». На рахунку гэтага механізатара ўжо амаль 300 гектараў сёлетніх азімых пасеваў. А перад пасяўным агрэгатам глебу дыскуе Віктар Чарэўчанка. У Беларусь ён пераехаў паўтары гады таму з Мікалаеўскай воблаці Украіны, дзе пятнаццаць гадоў працаваў на гусенічным Т-150. Зараз кіруе МТЗ-2022. Падчас уборкі два сезоны сядаў на камбайны: і зернеўборачныя, і карманарыхтоўчыя. Таму праца для механізатараў звыклая і вядомая, адно што стан глебы падводзіць. Магчымыя ж захады па найлепшай задзелцы насення ў глебу і абароны яго ад хваробаў і шкоднікаў прадугледжвае прысутны на сяўбе аграхімік Віктар Міхальцоў. Хлопец сем год таму скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і з таго часу– ў «Фрунзэ-Агра», таму ёсць і веды, і пэўны досвед. Галоўнае, каб яшчэ і надвор’е спрыяла добраму ўраджаю ў сельгаспрадпрыемстве.

На шчасце, пакуль матэрыял вярстаўся ў нумар, сякія-такія дожджыкі па тэрыторыі раёна прайшлі – пыл крыху прыбілі. Дасць бог, кранецца цяпер у рост і азімае зерне. Паводле звестак райсельгасхарчу станам на 22 верасня азімымі зерневымі ў раёне засеяна амаль дзевяць тысяч гектараў, з іх 5,6 тысячы гектараў пшаніцы, 1,8 – трыцікале і 1,2 – жыта. Акрамя таго, на 6,6 тысячы гектараў пасеяны азімы рапс. Планы азімай сяўбы сёлета ў раёна дастаткова амбіцыёзныя. Назіранні апошніх гадоў паказваюць, што ў сувязі са зменай клімату азімыя культуры на Гомельшчыне даюць большы выхад збожжа. Менавіта таму аграрыі імкнуцца, наколькі магчыма, выкарыстаць для закладкі будучага ўраджаю менавіта восеньскую сяўбу.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети