У бібліятэках Рэчыцкага раёна. Свет у акенцы
Источник: Dneprovec.by Фото: з архіва бібліятэкі
«Дыялогу ў грамадстве не атрымліваецца, бо мала чытаюць».
(Часопіс «Планета – сям’я» № 2, красавік 2021 г., с. 11.)

Менавіта так атрымліваецца ў наш час. Смартфоны, айфоны, інтэрнэт замянілі так патрэбныя падрастаючаму пакаленню чалавечыя адносіны. Ды яшчэ і гэтая пандэмія…
Але ў Васілевіцкай гарадской бібліятэцы імя І. Я. Навуменкі жыццё віруе, бо тут працуе сапраўдны калектыў аднадумцаў, улюбёных у сваю справу. Да пэўных дат у іх заўсёды аформлены прыгожыя кніжныя выставы, праводзяцца мерапрыемствы.
Кожны раз супрацоўнікі бібліятэкі прыдумляюць нешта новае. Напрыклад, запрашаюць чытачоў у бібліакафэ, што змесцілася ў чытальнай зале. Сталы накрыты з вялікай пашанай і любоўю да кнігі. А ў меню ёсць выданні, якія адпавядаюць розным густам.
На першае можна заказаць «Дзям’янаву юшку» І. Крылова альбо «Юшку з залатой рыбкі» Д. Данцовай, «Шкляны суп» М. Сцюарт і яшчэ некалькі страў.

На другое на выбар: «Налім» А. Чэхава, «Цар-рыба» В. Астаф’ева, «Курыца ў палёце» К. Вільмант і другія прысмакі.
З салатаў у кафэ прапануюцца «Агуркі» М. Носава, «Каралі і капуста» О. Генры, «Сялёдка пад норкавай шубай» Д. Калінінай, і на гэтым прапанова не заканчваецца.
У меню ёсць «Віно з ажыны» М. Сцюарт, «Віно з адуванчыкаў» Р. Брэдберы і яшчэ некалькі відаў.
Не забыліся і пра хлебабулачныя вырабы: «Сухі хлеб» А. Платонава, руская народная казка «Калабок».
А для тых, хто любіць салодкае, ёсць прапанова: «Карамельныя сны» М. Сяровай, «Бруснічны пірог» Л. Сперанскай, «Салодкая каша» братоў Грым, і гэта яшчэ не ўсё.

Вока і сэрца чалавека заўсёды шукаюць прыгажосць, а ў гэтым кафэ кожны чытач знойдзе свае выданні і атрымае ў дадатак часцінку цяпла ад «афіцыянтаў» – работнікаў бібліятэкі Алены Белай, Таццяны Маслак, Наталлі Лозка, Наталлі Брэль.
Ад усёй душы хачу падзякаваць калектыву бібліятэкі за іх нераўнадушша, аптымізм, за іх разуменне, што яны сваёй працай аб’ядноўваюць Прыгажосць і Веды. Няхай не згасае ў іх душах любоў да чытача і кнігі!