100 год з дня нараджэння Івана Навуменкі. «Ён родам з Васілевічаў»
Источник: Dneprovec.by Фото: прадастаўлены аўтарам
16 лютага споўнілася 100 год з дня нараджэння нашага земляка Івана Якаўлевіча Навуменкі.

Вядомы літаратуразнаўца, прафесар (1971), акадэмік АН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі БССР (1978), народны пісьменнік Беларусі (1995), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху на Беларусі, дырэктар Інстытута літаратуры Акадэміі Навук Беларусі (1973–1982), віцэ-прэзідэнт АН Беларусі (1982), Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1985–1990), Лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1972), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967), Прэміі АН Беларусі (1997), кавалер пяці ардэноў, Іван Якаўлевіч Навуменка быў адным з самых плённых вучоных гуманітарнага накірунку Беларусі. Ен надрукаваў звыш 200 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, з’яўляецца аўтарам 12 зборнікаў апавяданняў, аповесцей, шасці раманаў. Імя Івана Навуменкі шырока вядома ў рэспубліцы і за яе межамі, а творы перакладзены на балгарскую, нямецкую, латышскую і іншыя мовы.
А нарадзіўся ён у Васілевічах, вырас, вучыўся, перажыў час ваенных выпрабаванняў, бачыў жахі акупацыі, быў удзельнікам камсамольскага падполля, разведчыкам, сувязным і байцом партызанскай брыгады, ваяваў на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах, на Карэльскім перашыйку, ва Ўсходняй Прусіі, Сілезіі. Галоўным было змаганне з ворагам, і менавіта таму гэтай тэме прысвечаны шматлікія творы Івана Навуменкі.

З нагоды юбілейнай даты у Васілевічах праходзіў тыдзень, прысвечаны пісьменніку-земляку. У чытальнай зале гарадской бібліятэкі, якая з гордасцю носіць імя Івана Якаўлевіча Навуменкі, для наведвальнікаў была прадстаўлена літаратурна- дакументальная выстава «Іван Навуменка – наш зямляк, наша гордасць», праведзена некалькі мерапрыемстваў для школьнікаў: «Ен родам з Васілевічаў», «Майстар роднага слова». У Васілевіцкай сярэдняй школе бібліятэкарам таксама было падрыхтавана мерапрыемства аб жыцці і творчасці пісьменніка «Летуценнік з Васілевіч». Завяршэннем тыдня стала краязнаўчая гадзіна ў чытальнай зале гарадской бібліятэкі «Аб чым шумелі сосны», на якой прысутныя з цікавасцю слухалі пра жыццевыя і творчыя сцежкі пісьменніка-земляка, паглядзелі відэафільм з серыі «Постаці» пра Івана Навуменку, а з выступлення Валянціны Сяргеевай даведаліся аб прататыпах герояў трылогіі знакамітага пісьменніка (раманы «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці»).
Не стала Івана Якаўлевіча Навуменкі ў 2006 годзе, але яго літаратурная спадчына для нас і наступных пакаленняў застанецца на многія дзесяцігоддзі.


