Культура > Образование

2653

У навучальных установах Рэчыцы. Цудоўная родная мова

 +

21 лютага ва ўсім свеце святкуецца Дзень роднай мовы. З гэтай нагоды наша размова з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 імя С. У. Сыча Наталляй Давыдзенка.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 імя С. У. Сыча Наталля Давыдзенка і яе вучаніца – адзінаццацікласніца Алена Капыловіч
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 імя С. У. Сыча Наталля Давыдзенка і яе вучаніца – адзінаццацікласніца Алена Капыловіч
 

– Наталля Пятроўна, адкуль Вы родам?

– Я нарадзілася у вёсцы Жмураўцы, там і жыву па гэты час. Скончыла Жмураўскую сярэднюю школу, на жаль, зараз яе ўжо няма. Мая любімая настаўніца беларускай мовы і літаратуры – Ніна Іосіфаўна Трошка. Яна вельмі захаплялася беларускай мовай і літаратурай, нашымі традыцыямі. Цудоўны чалавек і педагог! Памятаю, як я ездзіла на алімпіяды. У нас праходзілі нейкія святы, розныя мерапрыемствы. Можа, мая настаўніца і прывіла мне любоў да роднай мовы, таму так усё і адбылося ў маім жыцці.

Пасля школы я паступіла ў Рэчыцкі педагагічны каледж, а затым – на філалагічны факультаэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Пасля заканчэння ВНУ каля двух з паловай гадоў працавала метадыстам у раённым аддзеле адукацыі, а потым у 2007 годзе перайшла на работу па спецыяльнасці у СШ № 6, чаго вельмі хацела!

– Такім чынам, праз Вашы рукі прайшло ўжо вельмі шмат вучняў?

– Так, давялося вучыць ужо некалькі пакаленняў вучняў, і я цяпер нават па рысах твару здагадваюся, хто каму брат ці сястра, ці тут вучыўся чыйсьці бацька. Гэта вельмі прыемна, калі ёсць пераемнасць пакаленняў, і, здаецца, узнікае сувязь з гэтымі дзецьмі. Ты ведаеш, што ў той ці іншай сям'і свае асабістыя характары, так можна лепей зразумець тых, з кім працуеш.

Урокі беларускай мовы і літаратуры я вяду з 5-га па 11-ы, а ў гэтым годзе – з 6-га па 10-ы класы. Таксама я класны кіраўнік у 6 «А». І мне здаецца, што у маім 6 «А» ўсе такія таленавітыя! Яны вельмі ветлівыя, інтэлігентныя, але з хітрыкамі (смяецца). Першы раз, калі ў маім класе так шмат хлопцаў – 18 чалавек! І трэба ўмець з імі знаходзіць агульную мову.

– Нехта можа казаць, што ў школе працаваць складана. А як для Вас?

– Я думаю, каб працаваць тут, усё гэта трэба проста любіць. Ад вучняў набіраешся нейкай энергіі, і іх зараджаеш таксама. З дзецьмі вельмі добра!

Мне ў нашай школе дужа падабаецца! У нас цудоўны калектыў. Надзвычай добрыя калегі і адміністрацыя. Я так прывязалася да нашай школы!

І наогул, у мяне часта пытаюцца, чаму ўсе настаўніцы беларускай мовы і літаратуры рыжыя і вясёлыя? А мне здаецца, гэтыя настаўнікі самыя лепшыя! Наша родная мова, якой мы навучаем, такая прыгожая, мілагучная, плаўная. Яна больш ласкавая, і калі на ей размаўляеш з вучнямі, так нельга нават пакрычаць ці паругацца, бо яна не прыстасавана для нейкай злосці. І што ні рабі, а ты ўсё роўна добрая настаўніца (смяецца).

Нядаўна праводзіла майстар-клас ў нашай школе, і мне здаецца, што настаўнікі беларускай мовы і літаратуры – самыя пазітыўныя сярод сваіх калег, яны нават больш усміхаюцца, чым настаўнікі другіх прадметаў.

 

– Дзеці рознага ўзросту, вядома, па-рознаму ставяцца да працэсу навучання?

– З кожным годам усё мяняецца. Раней пяцікласнікі былі самымі дысцыплінаванымі, спакойна сядзелі на ўроках. Цяпер яны прыходзяць у старэйшую школу і быццам вырываюцца з-пад нейкага кантролю. Яны ходзяць па кабінетах, у іх розныя настаўнікі, і таму гэтыя дзеці сябе больш вольна адчуваюць. Пры гэтым паказваюць высокі ўзровень ведаў. Яны самыя энергічныя. Старэйшыя дзеці – с 8-га па 11-ы класы – гэта такія дарослыя людзі, яны ўжо спакойна сядзяць і слухаюць цябе.

Мы заўсёды талерантна ставімся да пяцікласнікаў, стараемся іх мякка падштурхнуць, не быць з імі жорсткімі, каб яны раскрылі свае нейкія якасці. Чым меншыя дзеці, тым для іх больш важна ацэнка настаўніка. Яны вельмі хочуць быць добрымі, каб іх пахвалілі. І так да 8-га класа. Потым дзеці ўжо больш самастойныя. І разумеюць, у чым яны слабыя, у чым моцныя.

– Як Вы раскрываеце вучням свет беларускай літаратуры?

– З літаратурай, мне здаецца, зараз цяжка ўсім, таму што дзеці чытаюць мала. Бывае, што, акрамя як на ўроках, больш нідзе і не чытаюць літаратуру. І гэта таксама здзіўляе. Тым, хто чытае дрэнна ці не ўмее паставіць націск, што таксама праблема, я звычайна раю знаходзіць у інтэрнэце і глядзець відеаролікі, дзе настаўнікі чытаюць добра пастаўленымі галасамі. Таксама есть аўдыёзапісы кніг. Калі ты не вельмі любіш чытаць, то можна паслухаць.

У мяне быў такі хлопчык: ён дрэнна чытаў, але меў фенаменальную памяць на слых. І усё, што чуў на ўроках, добра запамінаў. Я ведаю, што той дрэнна чытае, а ён прыходзіць і твор ведае. Аказалася, што маці яму параіла і ён заўсёды слухаў кнігі, таму мог затым лёгка пераказаць.

– Якія Вашы любімыя беларускія пісьменнікі?

– Я вельмі люблю творы Уладзіміра Караткевіча. Ён захапляўся традыцыямі нашага народа, і ўсё гэта выцягваў на паверхню. Расказваў, што ў нас цудоўная гісторыя, што яе трэба ведаць, апісваў традыцыі беларусаў, убранне хаты, адзенне. Ствараў свае дэтэктыўныя гісторыі і сценарыі для кінастужак. Таму мы і нейкія ўрывачкі можам паглядзець з дзецьмі на мульцібордзе. Але давоздзіцца тлумачыць, называць амаль кожны прадмет. Бо зараз у нас няма таго, што раней было ў звычайнай хаце. І праблема ў тым, што дзеці шмат гэтых слоў не разумеюць.

У маі мінулага навучальнага года, калі вывучалі творы Уладзіміра Караткевіча і тое убранне хаткі, мы з дазволу нашай адміністрацыі пайшлі на экскурсію. І ўсе тры 8-я класы я звадзіла ў наш этнаграфічны куток Рэчыцкага краязнаўчага музея, каб паказаць, якія ў мінулым былі прылады. І дзецям было вельмі цікава. Бо яны зараз як думаюць? Куфар – гэта сайт, а мара – пральны парашок. А тут убачылі, які гэта на самой справе быў куфар. Таму цудоўна, што ў нашай Рэчыцы ёсць куды схадзіць, каб убачыць, як жылі нашы продкі.

У нашай школе ёсць музей Вялікай Айчыннай вайны, мы таксама яго наведваем. Гэта і ёсць сувязь пакаленняў, і ведаць сваю гісторыю трэба абавязкова.

– Як на Ваш погляд, мова, літаратура і гісторыя маюць сваю асаблівую сувязь?

– Так, творы літаратуры звязаны з гісторыяй вельмі цесна, і бывае, што на ўроку вялікую частку адводзіш таму, каб расказаць вучням нешта, што яны яшчэ не прайшлі па гісторыі. Як можна растлумачыць, што адбываецца ў творы, калі дзеці не разумеюць, хто такі на самой справе галоўны герой? Шмат гэтых узаемасувязяў, таму трэба ведаць гісторыю. І калі яны гавораць, што я зноў ім гэта тлумачу, я адказваю, што я – настаўнік, таму настаўнічаю, настаўляю і выхоўваю.

Лічу, што без традыцый нам немагчыма жыць, мы цесна з імі звязаны. І апошнім часам мяне цікавяць славяне – такая магутная сіла! Нездарма нашы продкі верылі, што нават усе расліны маюць сваю душу. І зараз ужо даказана, што ў раслін ёсць свая нейкая энергетыка. Калі кветачцы гаварыць кожны дзень: «Добрай раніцы, я цябе люблю!», як яна будзе квітнець! Словы ўздзейнічаюць і на ваду. І продкі аб гэтым ведалі.

Мы святкуем многа старажытных святаў. Заўважце, людзі носяць чырвоную нітку на руце, гэта таксама звязана са славянамі, яны вышывалі свае вышыванкі такім колерам. І зараз вышыванкі зноў вяртаюцца.

Мы – школа, мы заўсёды за традыцыі. Усе святы, што ў нашай краіне святкуюцца, мы таксама праводзім. І дзецям гэта вельмі цікава і прыемна.

– У дзень роднай мовы ў школе таксама праводзяцца нейкія мерапрыемствы?

– Так, гэта свята ў нас заўсёды вельмі прыгожа праходзіць. На ўваходзе ў школу мы віншуем ўсіх з днём роднай мовы: і дзяцей, і бацькоў, і настаўнікаў. Уручаем смайлікі з паперы, на адваротным баку якіх потым пішуцца словы роднай мовы. Адчуваецца святочны настрой, усе стараюцца размаўляць на роднай мове на ўсіх уроках і на перапынках. Гэта цэлы святочны фэст, і так ў нас традыцыйна адбываецца ўжо некалькі гадоў запар.

– Ведаць родную мову вельмі важна для грамадзян нашай краіны.

– Безумоўна, і менавіта для самасцвярджэння. Трэба ведаць, што у нас вельмі прыгожая і цікавая гісторыя. Былі ў нас сярод продкаў свае слаўныя героі. І Рагнеда ў нас ёсць, і Кірыла Тураўскі, і першадрукар Францыск Скарына. У Беларусі слаўнае мінулае.

Беларуская мова вельмі меладычная і ласкавая. Гэта добра, што дзеці пачынаюць знаёміцца з ёй у пачатковай школе. На мой погляд, вывучаць беларускую мову даволі лёгка. У ёй назоўник называе, прыметнік абазначае прымету, лічэбнік – лік, дзеяслоў – дзеянне. Так і з назвамі месяцаў. А сшытак – сшытыя аркушы паперы, і гэтак далей. Беларуская мова ўсё расказвае сама пра сябе.

Ведаеце, нейкім часам задумваешся аб значэннях тых ці іншых слоў. Напрыклад, у назве Буда-Кашалёва чаму Буда? Можа, ад «будаваць». Нават сабака жыве у будцы, і па-руску «будка». Мне здаецца, што беларускія словы ёсць у рускай мове. І некаторыя з іх растлумачыць можна менавіта праз беларускую мову.

– Мова – гэта заўсёды культурнае асяроддзе. Мне здаецца, што беларусы маюць пэўны плюс: мы даволі лёгка разумеем і іншыя роднасныя славянскія мовы.

– Так, і тое, што нашы навучэнцы вывучаюць дзве мовы, развівае і запамінанне, і сістэматызацыю, і наладжвае новыя нейронныя сувязі. Гэта толькі паляпшае нашую нейкую нярвовую дзейнасць і фізічны стан. Людзі, якія вывучаюць некалькі моў, будуць меньш хварэць. Таму трэба ўсё развіваць. А дзеці нашы – паліглоты: вывучаюць рускую, беларускую, англійскую мовы, а нехта яшчэ і італьянскую.

У нас вельмі шмат таленавітай моладзі. І калі ты знаходзішся ў гэтым асяродзі, сярод маладых геніяў, гэта таксама павышае твой прафесійны ўзровень, і ты ведаеш, для чаго працуеш.

Так, мая вучаніца, адзінаццацікласніца Алена Капыловіч, вельмі любіць беларускую мову і літаратуру, вывучае гісторыю. Яна – чалавек вельмі апантаны, удзельнічае ў алімпіядах і заўсёды займае месцы ў раёне.

Я вельмі рада, што ёсць такія дзеці. Бо хочацца ведаць, для чаго ты працуеш. Я такіх дзяцей бачу, якія хочуць і разумеюць важнасць роднай мовы, любяць яе і паважаюць.

– Ці размаўляеце Вы дома на беларускай мове?

– Ведаеце, вучні таксама гэтым цікавяцца, бо я і на перапынках яе выкарыстоўваю. Скажу так: гэта залежыць ад таго, дзе я знаходжуся.

І на самой справе ўжо так прывыкаеш размаўляць, мысліць на ёй, што і весці класныя гадзіны на рускай мове ўжо цяжкавата.

Мой муж па нацыянальнасці беларус, але некалькі гадоў жыў у Расіі, калі яшчэ вучыўся ў школе. І таму яму складана. А две нашы старэйшыя дачкі добра размаўляць. Старэйшая Аляксандра зараз у Мінску, працуе ў IT-тэхналогіях, і іх кіраўнік размаўляе толькі на беларускай мове. Яна ведае мову, таму ёй усе зразумела і ў спецыяльных тэрмінах.

Сярэдняя дачка Юлія таксама прымала ўдзел у алімпіядзе па беларускай мове, рыхтавалі яе настаўнікі Алена Аляксандраўна Куляшова ў нашай школе і Ірына Віктараўна Яўсеенка ў ліцэі. Вялікі ім дзякуй!

Малодшы сын Міша вучыцца ў нашай школе ў 4-м класе. Яму трошкі цяжкавата на беларускай мове, як і большасці сучасных дзяцей, але я як рэпетытар з ім. На свой узровень у яго атрымліваецца неблага.

– Што Вы хацелі б пажадаць нашім чытачам, сваім калегам і вучням?

– Самае лепшае, што зараз можна пажадаць – гэта здароўя і міру. Будзе чалавек здаровы, і ўсё да яго прыладзіцца. Слава Богу, мір у нас ёсць, і няхай ён заўсёды працягваецца.

А дзецям… Хочацца, каб яны былі стараннымі і ведалі сваё самавызначэнне, бо гэта вельмі важна – разумець, хто ты ёсць такі.

Хачу таксама адзначыць, што вельмі прыемна, калі ты працуеш там, куды заўсёды ідзеш з добрым настроем, куды хочацца ісці. Я вельмі ўдзячна адміністрацыі, сваім калегам за падтрымку. Наогул, у нас вельмі цудоўны калектыў. Удзячна таксама загадчыку вучэбна-метадычнага кабінета Рэчыцкага раёна Іне Дзмітрыеўне Ерашэнка і метадысту Марыне Генадзьеўне Кірыенка. Усе настаўнікі, хто рыхтуе вучняў да алімпіяд і конкурсаў, такія цудоўныя людзі і робяць вельмі шмат! Я зычу усім здароўя!

А калектыву рэдакцыі газеты «Дняпровец» жадаю шчырых чытачоў, прафесійнага поспеху і здароўя. Я вельмі люблю нашу газету!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity