Общество > Нам пишут

3176

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Пераднавагоднія цуды

 +

Арцёмка прачнуўся ад нейкага шуму за вакном. Зірнуў на двор. Там разгульвала мяцеліца з ветрам-гарэзай. Снегу насыпала шмат. Добра трэба папрацаваць рыдлёўкай, каб адгрэбціся.

 

Усплыла думка пра суседа Рыгора, які ўжо старэнькі, радні няма. Трэба дапамагчы яму. А сусед у гэты час бедаваў, што не зможа прыбраць снег, слабы вельмі.

Хлопчык патэлефанаваў свайму сябру Сяргейку і расказаў, якая справа іх чакае. Так хлапчукі арганізавалі са сваімі аднакласнікамі валанцёрскую групу і пачалі дзейнічаць. Рабяты праграбалі дарожкі, дзяўчаткі рабілі ў хаце ўборку.

Дзядуля разгублена глядзеў на дзяцей і радаваўся, што ён не адзін. Тата Арцёма адрамантаваў зашчапку ў дзвярах, настроіў радыёпрыёмнік, каб весялей было дзядулю. Нехта з рабят прапанаваў зрабіць для птушак кармушку. Усе згадзіліся. Дзяўчынкі з ёлачных галін змайстравалі ёлку і паставілі на двары. Хутка прыйдзе Новы год. Маці хлопчыка сабрала пакет пачастункаў і ўручыла дзеду Рыгору. На яго вачах з’явіліся слёзы. Побач з ім жывуць добрыя людзі, якія не пакінуць у бядзе.

З гэтага часу рабяты вырашылі заўсёды дапамагаць дзядулю. Птушкі ляталі каля кармушкі і голасна чырыкалі. Зараз трэба клапаціцца і пра іх, сумаваць Рыгору не будзе калі.

Дзядуля падумаў, што Дзед Мароз-чараўнік існуе. Ён выканае жаданні чалавека, трэба толькі верыць, што цуды адбываюцца пад Новы год. Так у пераднавагоднія дні ў яго хаце пасялілася радасць.

Ніна Трошка, в. Жмураўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity