Культура > Музыка

4020

Захоўваюць народную песню ў Рэчыцкім раёне. «Бібліятэчным вячоркам» – 30 год!

 +

Міхась Пазнякоў у сваім вершы пісаў: «Не! Жыццё сапраўднай песні ў нябыт не адышло». І я з гэтым згодна. Народная песня жыве ў сэрцах людзей, выказвае яго дух, памкненні. Магічная моц яе здольная супакоіць, пажартаваць, прымусіць задумацца над жыццём ці знайсці для сябе правільны адказ на пастаўленую жыццём праблему.

Сучасны калектыў «Бібліятэчных вячорак» у дзеянні
Сучасны калектыў «Бібліятэчных вячорак» у дзеянні

І захоўвае, зберагае народную песню калектыў «Бібліятэчныя вячоркі», які дзейнічае пры бібліятэцы вёскі Броннае ўжо трыццаць год. Зараз яны юбіляры. Прывяду радкі з пашпарта аматарскага аб'яднання: дата рэгістрацыі – 24 снежня 1988 г. Агульная колькасць членаў аб'яднання – 15 чалавек. Звыш 50 гадоў – 11 чалавек. Профіль аматарскага аб'яднання – адраджэнне народных традыцый. Дэвіз аб'яднання: «Ведаць свой край! Ведаць, каб шанаваць. Шанаваць, каб зберагаць. Зберагаць, каб множыць!»

Стваральнікам «Бібліятэчных вячорак» была Марыя Пятроўна Гапоненка, далей справу працягнула Галіна Мікалаеўна Кісель, якія працавалі ў бібліятэках вёсак Броннае і Жмураўка. Г. Кісель і зараз працуе і кіруе калектывам.

Арганізатар і першы кіраўнік «Вячорак» Марыя Пятроўна Гапоненка
Арганізатар і першы кіраўнік «Вячорак» Марыя Пятроўна Гапоненка

У 1988 годзе ўлетку яны сабралі вяскоўцаў, закаханых у песню, танцы. Першым выступленнем самадзейных артыстаў былі «Зажынкі». Уявіце, у полі камбайны чакаюць пачатку жніва. Паважаная, у сталым узросце, жанчына Праскоўя Рудэнка ў святочным убранні пачала жаць сярпом першы сноп, другія жанчыны падтрымалі яе, спяваючы песню. А маладзейшыя спляталі вянок з васількоў і ўпрыгожылі першы сноп, які ўручылі Рыгору Міхайлавічу Капытку, на той час старшыні калгаса. Так урачыста пачыналася жніво. З гэтага часу жанчыны адчулі ўсю важнасць сваёй дзейнасці.

Рэпертуар для сваіх выступленняў складаюць самі ўдзельнікі. Ён раскрывае сутнасць беларускіх свят: Радуніцы, Купалля, Зажынак. А таксама пяюць пра вяселле, хрэсьбіны і інш. Тэмы музычных твораў прыходзяць ад старэйшага пакалення вяскоўцаў. Гэта садзейнічае адраджэнню нацыянальнай свядомасці і годнасці ў кожнага жыхара.

Бібліятэкар разам з удзельнікамі «Вячорак» збірала забытыя песні, якія адыходзілі ў нябыт разам са старэйшым пакаленнем. Самыя галасістыя жанчыны вёскі беражліва адносяцца да народнай песні. Так, старэйшая ўдзельніца Таццяна Якаўлеўна Міхедзька з дзяцінства ад маці чула песні, запамінала, ведала іх мноства і прыносіла ў калектыў. Гэтыя песні спяваюцца і зараз. Жанчыны адрадзілі бронненскія Каляды, Вялікдзень, Купалле, іншыя святы і абрады. Адноўлены старажытныя карагоды «Як на нашым лужку», «Кладачка», «У карагодзе мы былі», «Ой, ты, бяроза белая» і інш.

Хочацца ўспомніць таленавітага гарманіста-самародка Рыгора Юр'евіча Калеснікава. Як расцягне сваю гармонь, дык пальецца вясёлая, задушэўная мелодыя. Кожнага кране за сэрца. Ён праводзіў вялікую работу па прапагандзе мясцовага фальклору, пошуку забытых беларускіх народных песень. Затым эстафету працягнуў Рыгор Канстанцінавіч Нерушэўскі.

Галіна Мікалаеўна Кісель, кіраўнік бронненскіх «Бібліятэчных вячорак»
Галіна Мікалаеўна Кісель, кіраўнік бронненскіх «Бібліятэчных вячорак»

Рэчыцкі райвыканкам распарадзіўся ўвесці ў штатны расклад бібліятэкі адзінку акампаніятара, а аддзел культуры набыў для бібліятэчнага калектыву сцэнічныя касцюмы, гармонік.

Калектыў выступаў на тэлебачанні ў горадзе Мінску, дзе паказваў абрад «Хрэсьбіны», а ў Гомелі – «Вячоркі». Выступалі ў аглядзе самадзейнасці ў Лоеве, дзе занялі першае месца. Таксама ўдзельнічалі ў навукова-практычнай канферэнцыі «Духоўная спадчына ўсходняга Палесся».

На вячорках заўсёды ёсць гаспадар і гаспадыня. Гэтую ролю выконвалі Пётр Рыгоравіч Кобец і Лідзія Яфімаўна Рудэнка. Гонар калектыву трымаюць Ніна Іванаўна Маеўская, Любоў Іванаўна Гарбачэнка, Валянціна Сяргееўна Гапоненка, Соф'я Ігнатаўна Давыдзенка, Святлана Захараўна Нікалайчык. Кожная з іх неардынарная асоба, самабытны талент. Выступленні Валянціны Гапоненкі, Ганны Рудэнкі з частушкамі, жартоўнымі песнямі зрывалі шквал апладысментаў. Спяваюць жанчыны свае песні так, што душа замірае ад захаплення, слухаючы старадаўнія мелодыі. Гэтым самым увекавечваецца памяць таленавітых людзей, адданых культуры, захоўваецца фальклорная спадчына нашай мясцовасці.

Бывала, прыходзіць Таццяна Якаўлеўна Міхедзька і кажа: «Дзяўчаты, мне сёння не спалася, новую песню ўспомніла». А голас быў выразны, мілагучны. Яе песню «Чудны месяц» ніхто не праспявае лепш, чым яна.

Пётр Сцяпанавіч Гапоненка быў першым музыкантам, рабіў сваімі рукамі інструменты, дапамагаў рабіць лаўкі. А яго жонка Кацярына Аляксееўна хутка вучыла на памяць вершы і заўсёды была гатова да выступлення.

Незабыўныя для калектыву і слухачоў байкі і песні Людмілы Рыгораўны Кулагі.

Запомнілася Соф'я Максімаўна Рудэнка сваёй частушкай: «На зялёным веніку паеду я ў Амерыку. Лісце абарвалася, у Бронным я засталася». Была ў калектыве такая свая «Сафія Ратару». Так звалі яе тут, так называлі яе і калгаснікі, з якімі яна працавала. Быў такі выпадак: адпачывалі дзесьці на моры, калгас выдзеліў пуцёўкі. Вось, плёскаючыся ў моры, Соф'я Пятроўна Рудэнка легла на надзіманы матрац і паплыла. І, відаць, ёй у гэты момант было так добра, што яна заспявала: «Однажды морем я плыла». На беразе запыталіся: «Хто так хораша спявае?» А сяброўка адказала: «А гэта наша Сафія Ратару». Вы не ўяўляеце, што сталася на беразе з адпачываючымі. Апладысменты доўга гучалі ў яе адрас.

Першы гаспадар «Вячорак» Пятро Рыгоравіч Кобец
Першы гаспадар «Вячорак» Пятро Рыгоравіч Кобец

Цікава, што гэтую бібліятэку наведваюць студэнты і выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Ф. Скарыны ў час фальклорна-этнаграфічных экспедыцый. Галіна Мікалаеўна Кісель заўсёды дапамагае ім, праводзіць з гасцямі гутаркі, спявае з удзельнікамі народныя песні. Студэнты запісваюць на дыктафон і потым выкарыстоўваюць у сваёй працы.

Удзельнічаюць і дзеткі ў «Бібліятэчных вячорках», арганізаваныя ў калектыў «Жавароначкі». Так зберагаецца народная спадчына. Вельмі цікавай для гледачоў-дзяцей была арганізавана гульня-аўкцыён «Паспяшайся на кірмаш». Загадкі, казкі, прымаўкі і прыказкі, песні-гульні надоўга стварылі святочны настрой для ўдзельнікаў кірмашу.

Ёсць і папкі з матэрыяламі, сабранымі ўдзельнікамі аматарскага аб'яднання. Гэта «Народныя абрады», «Мая спяваючая вёска», «Галасы роднай зямлі», «Дзіцячы фальклор нашай вёскі» і інш. Вельмі добра, што ў вёсцы ёсць месца, дзе кожнаму наведвальніку гасцінна расчынены дзверы, дзе можна адпачыць душой, даведацца аб новым, праявіць сябе ў творчасці. І гэтаму садзейнічае аматарскі калектыў «Бібліятэчныя вячоркі» на чале з Галінай Мікалаеўнай Кісель.

З юбілеем вас, творчых вам здзяйсненняў, шчасця і даўгалецця!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети