Каманда з Рэчыцы стала першай на адкрытым Кубку Гомельскай вобласці па паўэрліфтынгу
Фото: суполкі vk.com/cupgomelpowerlifting2015
21 і 22 лістапада ў Гомелі прайшоў адкрыты кубак Гомельскай вобласці па класічным паўэрліфтынгу. Рэчыцкія спартоўцы сталі пераможцамі турніру.

У вагавай катэгорыі да 74 кг першае месца заняў Рыгор Цярэшчанка, які працуе інструктарам спартовага комплексу “Імпульс”, што месціцца ў Наварэчыцкім мікрараёне і мае добрую базу па трэнаванні ў цяжкой атлетыцы ды іншых сілавых відах спорту, а таксама ў звычайным фітнэсе. У суме Рыгор набраў 565 кілаграмаў (прысяданні – 205 кг, што на 5 кг вышэй за існаваўшы дагэтуль рэкорд Беларусі, ціск лежачы – 120 кг, цяга станавая – 240 кг, што таксама вышэй за ранейшы рэкорд краіны на 15 кг). У выніку Рыгор Цярэшчанка стаў першым у абсалютным першынстве.
Рэчычанін Іван Рогаў стаў першым у вагавай катэгорыі звыш за 93 кг, набраўшы ў суме615 кг (прысяданні – 230 кг, ціск лежачы – 150 кг, цяга станавая – 240 кг).
Крыху не дацягнуў да п’едэсталу гонару юны рэчыцкі цяжкаатлет Раман Малярэнка, які з сумай 345 кілаграмаў заняў пятае месца ў вагавай катэгорыі да 74 кг. Па выніках першынства рэчыцкая каманда выйшла на першае месца кубка Гомельшчыны.















