Годныя вынікі рэчыцкіх цяжкаатлетаў на перадалімпійскім чэмпіянаце Беларусі
З 24 па 28 мая ў Гродне наймацнейшыя цяжкаатлеты краіны, у тым ліку ўдзельнікі нацыянальнай каманды дужаліся ў перадалімпійскім чэмпіянаце. Рэчычыне ў напружанай барацьбе паказалі добрыя вынікі.
Станіслаў Ладорны ў вагавай катэгорыі 77 кг ў рыўку ўзняў максімальныя 130 кг і штурхнуў 155, набраўшы ў суме двухбор’я 285 кг і заняўшы пятае месца. Дзмітрый Аляхновіч ў гэтай жа катэгорыі ў рыўку адолеў 127 кг, а ў штуршку ўзяў 153 кг ды выйшаў на сёмае месца.
Станіслава і Дзмітрыя трэніруе малады рэчыцкі трэнер Рыгор Цярэшчанка. Паводле яго словаў, хлопцы паказалі добрыя вынікі, нават перавыканаўшы пастаўленую ім задачу. Барацьба на чэмпіянаце была вельмі шчыльная, бо старты перадалімпійскія. У вагавай катэгорыі 77 кг, дзе выступалі Ладорны і Аляхновіч, было 12 чалавек, і нашы хлопцы апынуліся сярод лепшых.
На жаль, з трох спробаў не звалодаў з вагой 135 кг яшчэ адзін рэчыцкі спартовец Мікіта Саўкоў, які выступаў у вагавай катэгорыі 85 кг. Пры гэтым у штуршку ён ўзняў штангу, вагой 158 кг. Але нулявы вынік у рыўку не дазволіў Мікіту змагацца за месца. Мікіта зараз праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў складзе Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і трэніруецца пад кіраўніцтвам вайсковага трэнера. Але адсутнасць рэгулярных выступаў на спаборніцтвах, магчыма, адбілася і на выніку Саўкова на перадалімпійскім чэмпіянаце Беларусі.