На маршруце – Белабалоцкі сельсавет
Вёскі, з якіх відно рэчыцкую набярэжную, але да якіх ехаць ад Рэчыцы трэба з паўсотні кіламетраў, – гэта менавіта населеныя пункты Белабалоцкага сельсавета. Уся тэрыторыя гэтай адміністрацыйнай адзінкі размешчана ў так званай зарэчнай частцы раёна, прычым у самым далёкім яе кутку. Тым не менш мясціны тут на дзіва прыгожыя, яны сапраўды прывабліваюць многіх. Але яшчэ больш прыгожыя, таленавітыя, адкрытыя і спагадлівыя тут людзі. І ў гэтым лёгка пераканацца, пазнаёміўшыся з найбольш актыўнымі жахарамі населеных пунктаў Белабалоцкага сельсавета.
Магчыма, значная аддаленасць ад райцэнтра і ад вялікіх транспартных шляхоў і яднае жыхароў белабалоцкага наваколля. Як сцвярджае старшыня мясцовага сельсавета Наталля Ламака, жывуць яны тут адзінай з’яднанай сям’ёй. Часам збіраюцца на талаку, калі трэба выканаць нейкую агульную справу. Пры гэтым адмоў у вырашэнні любога пытання ад мясцовых жахароў практычна не бавае. Крыху цяжэй, паводле прызнання Наталлі Аляксандраўны, размаўляць з тымі, хто выкарыстоўвае вясковыя хаты пад лецішчы – зрэдку наведваецца ў маляўнічыя мясціны падняпроўя з Рэчыцы альбо з Гомеля (да абласнога цэнтра ад тутэйшых вёсак не нашмат далей, ніж да раённага), каб адпачыць альбо ўзрасціць мех-другі бульбы. Але шмат хто і з дачнікаў ідзе насустрач, калі справа тычыцца дапамогі ў добраўпарадкаванні ці нейкім свяце.
Цяпер у склад Белабалоцкага сельскага Савета ўваходзяць 10 населеных пунктаў. Цэнтрам, як няцяжка здагадацца, з’яўляецца аграгарадок Белае Балота, дзе жыве крыху больш за 400 жыхароў. А вось астатнія вёскі Савета на тубыльцаў небагатыя. Толькі ў Чорным колькасць тых, хто жыве стала, сягае за шэсць дзясяткаў. Крыху болей за 20 жыхароў засталося ў Гіраве і Глушцы. Па 3–4 чалавекі не дабіраюць да двух дзясяткаў Пескаполле і Стоўпня-1. А вось у такіх вёсачках, як Хацецкае, дзе стала жывуць усяго сямёра чалавек, Рэпішча са сваімі чатырма жыхарамі, Чырвоны Кастрычнік ды Стоўпня-2, дзе паводле дакументаў зарэгістраваныя па двое жыхароў, найбольш работы па добраўпарадкаванні ды ліквідацыі пустуючых ды закінутых хат.
Дарэчы, у справе добраўпарадкавання нават такіх аддаленых населеных пунктаў тут робіцца даволі шмат. З вясны і да восені працуе брыгада з трох чалавек, якая займаецца касьбой пустазелля ды высечкай хмызнякоў, што любяць імкліва разрастацца на бязлюдных тэрыторыях. Варта адзначыць, што нават у справе арганізацыі работы гэтай брыгады, як і ў іншых пытаннях, у сельскага Савета маецца поўнае ўзаемаразуменне з кіраўніцтвам размешчанай тут гаспадаркі СУП “Рэчыцкі-Агра”. Акрамя таго, населеныя пункты ды іхнія часткі замацаваныя за прадпрыемствамі і арганізацыямі як тымі, што месцяцца на тэрыторыі сельсавета, так і гарадскімі. У прыватнасці, Рэчыцкі метызны завод актыўна наводзіць парадак у цэнтры Савета – аграгарадку Белае Балота. Мясцовае лясніцтва даглядае вёскі Глушэц і Чырвоны Кастрычнік. Белабалоцкі дзіцячы сад-базавая школа дапамагае прыбіраць вуліцу Школьную ў аграгарадку, а таксама вёску Пескаполле.
Жыхары Белага Балота вельмі любяць сваю малую радзіму. Ды так моцна любяць, што нават прысвячаюць родным мясцінам вершы.
Адзін з іх, аўтаркаю якога з’яўляецца прыёмшчык заказаў мясцовага комплекснага прыёмнага пункта Ларыса Лісоўская, упрыгожвае і спецвыпуск газеты пра Белабалоцкі сельсавет.
З тымі ж, хто жыве на гэтай найпрыгажэйшай зямлі ды робіць яе яшчэ больш прыгожаю, хто любіць яе ўсім сэрцам, хто стварае тую непаўторную атмасферу добразычлівасці, якую адчуваеш адразу, калі трапляеш у любую вёску ў наваколлі Белага Балота, мы хочам пазнаёміць і чытачоў “Дняпроўца”.
На працы і ўдзень, і ўночы
Вясковы медык заўжды з’яўляецца сярод мясцовага насельніцтва адным з самых паважаных людзей. А калі для такога спецыяліста яшчэ і работа стала практычна жыццём, то яго землякі шануюць асабліва. Менавіта такой з’яўляецца і Валянціна СЫЧЫКАВА – загадчыца Белабалоцкага фельдшарска-акушэрскага пункта.
Вось ужо больш за тры дзясяткі гадоў адказвае Валянціна Ільінічна за ахову здароўя ў Белым Балоце і навакольных вёсках. Пры гэтым зона, якую яна абслугоўвае, увесь час толькі пашыралася. Родам са Жлобінскага раёна, у Белае Балота яна прыехала пасля заканчэння Рагачоўскага медычнага вучылішча яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Тут жыў яе суджэнец, з якім яна ўзяла шлюб. Спачатку, праўда, працавала ў вёсцы Белае, а потым перабралася на ФАП у цэнтр Савета. З тае пары тут і прыжылася, засвоілася.
Узгадавала дваіх дзетак – цяпер дачка Наталля працуе ў Рэчыцкім аддзеле Дэпартамента аховы, а сын Вадзім – на Гомельскім заводзе ліцця і нармаляў. Радуюць клапатлівую бабулю чацвёра ўнукаў.
А Валянціна Сычыкава зараз ужо ведае ў белабалоцкім наваколлі практычна кожнага чалавека, а многіх ледзьве не ўзгадавала. Таму амаль без памылкі паставіць любы дыягназ, нават без адмысловага абсталявання. Хаця часам даводзіцца жыхароў населеных пунктаў сельсавета накіроўваць і ў раённыя медустановы. І тут вясковы медык заўжды дапаможа, каб яе зямляк своечасова патрапіў да патрэбнага спецыяліста: калі сама бывае ў раённай паліклініцы – возьме квіточак да доктара, а то і проста патэлефануе, каб нейкую бабулю не мучылі працяглым сядзеннем у чарзе. За тое землякі вельмі ўдзячныя загадчыцы мясцовага ФАПа.
Дарэчы, сёння Белабалоцкі ФАП – адзіная медычная ўстанова на тэрыторыі сельсавета. Калі яшчэ колькі год таму асобныя медыкі былі і ў Чорным, і ў Стоўпні, то цяпер колькасць насельніцтва ў гэтых і навакольных вёсках скарацілася настолькі, што ўтрымліваць там асобную пасаду стала немэтазгодна. Насельніцтва скарацілася, а вось адлегласці засталіся ранейшымі. І цяпер і ў чарнянскую, і ў стоўпенскую зоны у мусіць дабірацца і на выклікі, і проста для агляду, і каб даставіць нейкія лекі загадчык Белабалоцкага ФАПа. А яна ж такая адказная, што ніколі не кіне чалавека ў складанай сітуацыі. Часам прывязе нейкія лекі з горада, а ў аддаленую вёску патрапіць няма на чым. То просіць і гандляроў з аўталаўкі, каб перадалі, і паштарку з перасовачнага аддзялення сувязі. Ну а што зробіш? Такія яны – выдаткі сельскай медыцыны.
А яшчэ ж неабходна ведаць стан здароўя тых колаў насельніцтва, якія знаходзяцца пад асабліваю ўвагаю: дзетак, людзей сталага веку, тых, хто пакутвае на хранічныя хваробы. Таму акрамя падворнага абыходу, Валянціна Ільінічна заўсёдны ўдзельнік аглядных камісій, якія штотыднёва працуюць у сельсавеце. Куды б ні накіроўвалася такая камісія, а тым больш, калі ў аддаленыя населеныя пункты, у ёй абавязкова будзе мясцовы медык са сваёй лекарскай валізкаю. Яна і ціск памерае ў старога, і паслухае дыханне ў грудзях у дзіцяці, каб калі што – своечасова выкрыць захворванне. Пры патрэбе лекі замовіць з Рэчыцы, а як яны прыбудуць на ФАП, то і арганізуе іх дастаўку да пацыента. Дарэчы, аптэчны пункт, здавалася б, невялікага па колькасці абслугоўваемага насельніцтва ФАПа толькі за тры кварталы гэтага года рэалізаваў лекаў на суму каля 70 мільёнаў рублёў. Што паробіш – людзі ў вёсках жывуць немаладыя. Варта сказаць,
што наша гераіня неаднаразова адзначалася Ганаровымі граматамі раённай установы аховы здароўя, яе партрэт маецца на бальнічнай Дошцы гонару.
Калі ж камусьці стала блага раптоўна, калі занядужаў знянацку, нават уночы, – проста ідуць да хаты Валянціны Сычыкавай. Людзі ведаюць, што спіць яна чула, варта пагрукаць у шыбку – выйдзе, хутка збярэцца, валізку ў рукі і будзе ў хворага: зробіць усё, што зможа. А з такім стаўленнем да людзей, як у Валянціны Ільінічны, і вялікіх медычных намаганняў часцяком не патрабуецца – многіх лечыць чуласць і дабрыня медыка.
Вёскі наводшыбе
На мяжы з Буда-Кашалёўскім раёнам знаходзяцца дзве вёскі з амаль аднолькавымі назвамі: Стоўпня-1 і Стоўпня-2. Прычым Стоўпня-2, нібы пакрыўджаная нечым, туліцца да сваёй крыху больш моцнай сястры. Сёння агулам у гэтых вёсках стала жывуць менш за два дзясяткі жыхароў. Але ж і ім патрэбны клопат, і іхнія пытанні нехта павінен убачыць і памагчы вырашыць. І такім чалавекам тут з’яўляецца памочнік старшыні сельсавета Ганна ФЯДОСАВА.
Родам Ганна Фёдараўна з Гомельскага раёна. У Стоўпні-1 яе бацькі купілі хату, калі Ганна яшчэ ў школу не хадзіла. Сям’я перабралася сюды. Тут тады яшчэ і школа-васьмігодка працавала: дзяцей было даволі. Пасля яе сканчэння падалася ў свет: вучылася аж у Оршы. Атрымала прафесію швачкі. Пасля сканчэння вучэльні прыехала ў Рэчыцу. Паспрабавала працаваць па спецыяльнасці – швачкаю ў швейным цэху камбіната побытавага абслугоўвання. Але гарадское жыццё прыйшлося не даспадобы. Вярнулася да тае зямлі, якая яе ўзрасціла, – у Стоўпню. Тут 11 гадоў рабіла даяркаю на ферме, а потым паштальёнам. Цяпер ужо на заслужаным адпачынку.
У сельскім Савеце пра Ганну Фёдараўну кажуць як пра аднаго з самых актыўных жыхароў. Ды й стоўпенцам не было б каму данесці свае пытанні, каб не яна. А так, глядзіш, і нешта паляпшаецца. Калі ўлетку небывалая суша выклікала знікненне вады ў студнях, менавіта Ганна Фядосава дамаглася, каб сюды пачалі вазіць ваду, бо людзі ўжо не ведалі, што і рабіць. Вось спрабуе вырашыць пытанне з тым, каб аўтобус захо-
дзіў у вёскі паводле больш зручнага раскладу. Цяпер транспарт з горада наведвае Стоўпню адзін раз па дарозе ў Глушэц. І тым, хто едзе ў горад, трэба сесці ў аўтобус, выканаць на ім экскурсію па ўсім Савеце праз Белае Балота аж да Глушца, а тады вяртацца амаль паўз сваю вёску, едучы зваротнаю дарогаю на Рэчыцу. Спадзяемся, адпаведныя службы прыслухаюцца да патрэбаў невялікай колькасці жыхароў аддаленай ад усялякіх центраў вёскі ды зробяць іхняе жыццё крышачку зручнейшым.
Гіпермаркеты нават не снілі
Калі спытаць у загадчыцы адзінага ў Белым Балоце магазіна Марыі ФАМІНОЙ колькасць найменняў тавараў, якія тут рэалізуюцца, то нават яна не здолее адразу адказаць. Чаму? Ды таму, што тут прадаецца ўсё, што можа спатрэбіцца вяскоўцу. Ад канцалярскіх сашчэпак і да мэблі і складанай побытавай тэхнікі.
Але талент любога гандляра палягае не ў тым, каб навезці ў сваю краму ўсяго на свеце ды яно там ляжала і збірала пыл. Тут галоўнае ведаць, што ж купяць мясцовыя пакупнікі. І хто ж як не Марыя Васільеўна ў гэтым найлепш разбярэцца? Усе тутэйшыя жыхары для яе – як родныя. Больш за 40 гадоў (толькі ўдумайцеся!!!) працуе яна ў Белабалоцкай гандлёвай кропцы. За гэты час паспела вывучыць густы і патрэбы кожнага, хто жыве не толькі ў самім цяперашнім аграгарадку, але і ва ўсіх навакольных вёсках. Яшчэ не так даўно аўталаўка, для якой толькі фургон прыязджаў з горада, а ўвесь асартымент фармаваўся ў Белым Балоце, і далей па вёсках Савета калясілі на перасовачнай краме менавіта работніцы тутэйшага магазіна, абслугоўвала восем населеных пунктаў, што туляцца паміж лясоў і дняпроўскай поймы. Цяпер, праўда, варункі змяніліся, і аўтакрамы рухаюцца ўжо адразу ўкамплектаваныя і са сваімі прадаўцамі з райцэнтра.
Тым не менш стацыянарны гандлёвы фарпост Рэчыцкага райспажыўтаварыства на супрацьлеглым беразе Дняпра – гэта даволі важнае звяно ў эканамічным ланцугу прадпрыемства. У некаторыя перыяды штомесячны таваразварот тут сягае да 450 мільёнаў рублёў. Гэта і нядзіўна – тое, за чым гараджане ездзяць у гіпермаркеты, каб набыць адразу тавары розных груп, тут можна купіць непасрэдна ў невялікай гандлёвай кропцы. А для пайшчыкаў райспажыўтаварыста прадугледжваюцца яшчэ і адпаведныя зніжкі да цаны тавараў.
Нарадзілася Марыя Фаміна ў Магілёўскай вобласці. У дзяцінстве лёс закінуў яе ажно пад Іркуцк. А адтуль дзяўчыне-васьмікласніцы давялося вярнуцца ў Беларусь да цёткі ў Азершчыну, што ля Рэчыцы. Ужо з Азершчыны яна паступіла вучыцца на прадаўца ды ўлікоўшчыка ў Гомель. Скончыўшы вучобу, вярнулася ў свой раён – працавала спачатку паўгады ў Вузнажы. Тады ж з хлопцам пазнаёмілася, а той з Белага Балота. Сюды і перабралася. Колькі часу яшчэ папрацавала ў краме недалёкай Баршчоўкі, а пасля шлюбу са сваім каханым Пятром, які тут дагэтуль шчыруе лесніком у мясцовым лясніцтве, – з 1974 года стала працуе загадчыцай крамы ў Белым Балоце. Нягледзячы на тое, што ўжо і дзеці дарослыя – сын Аляксандр робіць ахоўнікам на адным з гарадскіх заводаў, а дачка Таццяна – акушэрка ў рэчыцкім радзільным доме, – бацькі трымаюць значны статак хатняй жывёлы: карова, тры свінні, трое быкоў, курэй.
Чатыры чалавекі зараз складаюць працоўны калектыў магазіна разам з Марыяй Фаміной. І, калі мы зайшлі ў краму, каб пагутарыць з яе кіраўніцай, яна ані не схацела фатаграфавацца без свайго калектыву. Што ж, мяркуем, што і яе калегі вартыя таго, каб з’явіцца на старонках раённай газеты, тым больш, што ўсе яны людзі ў Белым Балоце аўтарытотныя і паважаныя.
Актывістка, майстрыха, прафесіянал
Ларыса ЛІСОЎСКАЯ, прыёмшчык заказаў Белабалоцкага комплекснага прыёмнага пункта КУП “Рэчыцабыт”, – вядомы ў Белым Балоце талент. Амаль усе мерапрыемствы, што ладзяцца ў аграгарадку і навакольных вёсках, дзе трэба праспяваць, падрыхтаваць выставу ці нават проста пасядзець з тымі ж састарэлымі людзьмі, каб зрабіць іхняе жыццё больш разнастайным і цікавым, без Ларысы Аляксандраўны не абыходзяцца.
Калісьці Ларыса Лісоўская працавала ў саўгасе “Рэчыцкі” ў бухгалтэрыі. А апошнія сем гадоў яе прафесіяй стала служэнне людзям на ніве аказання ім побытавых паслуг. Шмат чаго прапануе КПП, у якім працуе гэтая жанчына, яе партрэт як адной з лепшых работніц бытавой сферы нават упрыгожваў Раённую Дошку гонару. Але найбольш яе цэняць землякі за шматлікія таленты.
На земле прекрасных мест немало,
Только всех роднее и милей
Мне деревня Белое Болото –
Берег детства, юности моей.
Моя деревня – дружная семья:
Зятья, сваты, невестки, кумовья.
И нет красивее народа,
Который жил, живет и будет жить
В деревне Белое Болото.
Здесь милый сердцу отчий дом
В цветах садов весною утопает,
Сюда я возвращаюсь вновь и вновь,
И сердце мое радость наполняет.
Лариса ЛИСОВСКАЯ
Найпрыгажэйшыя карункі здольная стварыць Ларыса Лісоўская пры дапамозе вязальных пруткоў альбо кручка: вязанне – яе канёк! Зірніце на адзенне, у якім выйшла яна на вуліцу да фатографа: гэта ўсё яе ўласнаручныя вырабы. А якія дзівосныя лялькі яна стварае?! Вось такі незвычайны казачны дзед-барадзед сустрэў нас у яе на руках, калі мы завіталі да Ларысы Аляксандраўны.
Тое ж, што ў яе ў другой руцэ, увогуле не магло не здзівіць. Здавалася б, ну вёска ж! Ну калі вясковай кабеце тымі творчымі падыходамі займацца, ды яшчэ калі агуркі ў слоікі на зіму закрываеш?! Там і кіпнем трэба слоік абдаць, і агуркоў туды напхаць, і расол прыгатаваць: не паблытаць аніводнага інгрыдыенту, каб потым не “выбухнула” накрыўка, і розныя прысмакі яшчэ дадаць. Хіба тут да мастацтва? Мо каму і не да мастацтва, а Ларыса Лісоўская нават у закатванні агуркоў бачыць прыгожае і стварае ў тым слоіку сапраўдную казку. Няхай і некалькі гумарную. Але ж тым прыемней унукам (якіх, дарэчы, у Ларысы Аляксандраўны ўжо чацвёра), што прыедуць да бабулі, выцягці ўзімку з падмосця слоічак, з якога пазірае вясёлы тварык нейкага незвычайнага чалавечка, ды падаць яго да пахучай бульбачкі са скварочкамі. Так бы, можа, малы і не еў сёння той закатаны агурок, усё ж гарадскія цяпер могуць паласавацца больш вытанчанымі стравамі. А тут – наўрад ці хто адмовіцца ад агурка з казачнага слоіка! А ён жа свой – натуральны, без розных там “Е”, у якіх чорт ногу зломіць!
Ды й ці ж толькі такія таленты ўласцівыя Ларысы Лісоўскай? Ані! Прыгожа аздобленыя вазы, інкруставаныя яе вязаннямі, бісерам ды нават кветкамі, вылепленымі з салёнага цеста – на кожнай выставе: і тых, што сельсавет ладзіць для сваіх жыхароў, і тых, з якім едзе прэзентавацца “ў раён”. А хто ж палагодзіць сумныя вечарыны добраю песняю? Канешне ж, мясцовая самадзейнасць. І ў ёй таксама актыўная ўдзельніца – Ларыса Лісоўская. Яна і спявае, і розныя цікавосткі па-заліхвацку распавядае – аніякі мясцовы альбо выяздны канцэрт без яе ўдзелу не праходзіць.
Нават цяжка ўявіць сёняшняе жыццё Белага Балота без такога чалавека, як Ларыса Лісоўская. На такіх людзях тутэйшы парадак і трымаецца!
Вялікая сям’я Чэмыртан
Дзеці – гэта сэнс нашага жыцця. Хіба можна не замілавацца клопатамі пра такіх непасрэдных, таленавітых і прыгожых малечах? – здзіўляецца Таццяна Чэмыртан майму пытанню, ці не цяжка ўпраўляцца і з гаспадаркаю, і весці грамадскую дзейнасць, і яшчэ і столькіх дзетак на ногі ставіць. – Ды й дзеці ж ужо не малыя. Гэта першага цяжка гадаваць – нічога не ведаеш, усё толькі з мужам. А далей – дзеці ж таксама адно аднаго гадуюць!
У сям’і бібліятэкара Белабалоцкай сельскай бібліятэкі Таццяны Чэмыртан і яе мужа Сяргея – пяцёра дзетак. Два хлопцы – Уладзіслаў і Дзмітрый – родныя. Яны ўжо паціху, нібы падрослыя птушаняты, становяцца на крыло і разлятаюцца з бацькоўскае хаты: Уладзіслаў цяпер служыць у войску. Дэсантнік. Службу прахо-дзіць у Брэсце. А Дзмітрый пайшоў спасцігаць прафесіі токара, фрэзероўшчыка і аператара станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем у Гомельскім прафесійным ліцэі машынабудавання, дахаты толькі на выходныя прыязджае.
Але ў гасціннай хаце ў Белым Балоце дзіцячыя галасы не сціхаюць. Падрастае тут яшчэ адзін сынок Таццяны і Сяргея – Ігар. Зараз ён у чацвёртым класе. Але, нават калі ягоныя браты і раз’ехаліся далёка, сумаваць яму не даводзіцца. Бо ў сям’і Чэмыртанаў гадуецца і яшчэ двое дзетак. Гэта сямікласнік Максім і шасцікласніца Ангеліна.
Мы з мужам дужа дзяцей любім. Лічым, што ў сям’і іх павінна быць як паболей. Добра, калі і хлопчыкі, і дзяўчынкі. А ў нас з Сяргеем тры хлопцы. А так хацелася дзяўчынку. Вось і звярнуліся ў Рэчыцкі сацыяльна-педагагічны цэнтр. Там нам дужа спадабалася дзяўчынка Ангелінка. Праўда, у СПЦ яна была не адна, а са старэйшым братам – Максімам. Не вагаючыся, узялі ў сваю сям’ю абодвух.
Прыёмныя дзеці адразу адчулі цеплыню і любоў сваіх новых бацькоў. І мама Таня, і тата Сяргей ставяцца да іх вельмі пяшчотна, але ў той жа час і патрабавальна. А ў вёсцы інакш і не бывае. Трэба ж і з гаспадаркаю ўпраўляцца, і хату трымаць у часціні і парадку. У хлеўчыках жа рохкаюць тры парсючкі, па двары грабуцца 25 звычайных курак, а ўлетку заўжды трымаюць яшчэ і ладнае стада “хуткаспелых” бройлераў. Вось каза Белка зараз “бельчанятак” прынясе, а каб малако давала – трэба даглядаць і добра карміць. Зноў жа агарод у 40 сотак – той, што пры селішчы, плюс для падвышэння, так бы мовіць, “харчовай бяспекі” вялікай сям’і разрабілі закінуты ўчастак – патрабуе заўсёднага клопату. І тут уся сям’я шчыруе без разбору ўзросту і полу. Працавітыя падрастаюць дзеткі.
Сама ж Таццяна нарадзілася ажно ў Мінскай вобласці ў Чэрвенскім раёне. Туды некалі яе маці лёс закінуў. А ў пачатку 1990-х сям’я вярнулася на матчыну радзіму – у Белае Балота. Тут і Таццяна выгадавалася, лічыць гэтыя мясціны роднымі. Сяргея, мужа будучага, тут спаткала – хлопец таксама ў Белым Балоце рос, сюды яго сям’я пераехала ад Чарнобыльскай навалы з Чачэрскага раёна, а з Таццянаю яны разам яшчэ ў школу хадзілі. У 1999 годзе скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і пачала працаваць бібліятэкарам у Белабалоцкай сельскай бібліятэцы. Дарэчы, кніжны фонд установы складае больш за 4,5 тысячы асобнікаў. 282 сталыя чытачы запісаныя сярод “кліентаў”. Нягледзячы на эпоху інтэрнэту, кнігі бяруць з ахвотаю. Акрамя таго, і дзеткі, і дарослыя з задавальненнем займаюцца ў аматарскім аб’яднанні “Гномікі”, вырабляючы розныя прыгожыя рэчы. Самі і выставы там ладзяць.
Дык гэта толькі прафесійныя абавязкі Таццяны Чэмыртан. А ў яе ж яшчэ вельмі шмат грамадскіх клопатаў. Яна з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета. Прычым вельмі актыўным дэпутатам, які прымае самы непасрэдны ўдзел у вырашэнні многіх пытанняў не толькі выбаршчыкаў сваёй акругі, але і іншых сваіх землякоў. Не праходзіць без Таццяны Віктараўны і аніводнае мерапрыемства, што часцяком ладзяцца ва ўстанове культуры, у школе альбо ў самой бібліятэцы. У розных святах, якія адбываюцца ў вёсках сельсавета, заўжды самыя актыўныя ўдзельнікі – дзеткі сям’і Чэмыртан.
Такія людзі вартыя самых шчырых слоў, якія і на самой справе ёй даводзіцца часцяком чуць ад землякоў.
Простыя словы ад Кацярыны Гарукалавай
Памочнік старшыні сельскага Савета ў вёсцы Чорнае – чалавек вядомы ва ўсім наваколлі. Кацярына Гарукалава – і арганізатар, і клапатлівы ахоўнік тамтэйшага дабрабыту. Ад малых гадоў узрасла яна на чарнянскіх вуліцах, на поймавых сенажацях і маляўнічым возеры, што паблісквае срэбнаю роўнаддзю ў канцы вёскі. Тут яна век векавала – рабіла даяркаю на ферме. Ды яшчэ не абы якою даяркаю – у ліку лепшых у раёне была. І ўзнагароды рознага кшталту мае.
Больш таго, амаль няспынна абіралася яна чарнянцамі дэпутатам сельскага Савета, а з 1975 па 1980 год нават была дэпутатам Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў. Хату ледзь не ўласнымі рукамі разам з цесцем збудавала, бо муж ад світання да змяркання на працы ў калгасе дняваў. Трох дачок выгадавала.
Нават “Дняпровец” пра яе працоўныя ды грамадскія дасягненні некалькі пісаў. Цяпер жа хацелася б проста падаць некаторыя ўрыўкі з гутаркі з гэтаю цікавай, дасціпнай і дасведчанай жанчынай.
– Ногі ані не слухаюцца. Але ж не сядзець жа на печы! Ніколі не сядзела, а цяпер тым больш не змагу! Што вы – каб сканаць тут у самоце? Я ж толькі й жыву з-за таго, што я патрэбная вам: вось старшыні нашай сельсавецкай, якая просіць мяне памагчы адшукаць родзічаў уладальнікаў кінутых хат. Я шмат каго памятаю – калі-нікалі, ды знаходзяцца спадчыннікі з маёю дапамогаю. Людзям нашым у вёсцы патрэбная. Мне гэта ўсё цікава, вось і жыву, кеўляю паціху!..
Хаця чым я ўжо так памагаю?! Перахвальвае мяне старшыня. У мяне ж цяпер толькі адзін орган нармальна працуе – язык. Ну мо мазгі яшчэ трошкі. Вось лямпачка на слупе згарэла – званю ў той энергазбыт. Калодзеж трэба пачысціць – у вадаканал набіраю. Галоўнае, калі хлопцы прыехалі і работу зрабілі, не забыцца пазваніць, падзякаваць ім. Я неяк пазваніла дырэктару вадаканала ды пачала дзякаваць за тое, што хутка прыехалі і калодзеж па-сапраўднаму спраўна вычысцілі, аж ён так расчуліўся, кажа першы раз такое, каб ім за іхнюю ж работу дзякавалі. А як жа ж інакш?! Хай сабе і іхняя работа, але ж калі адносяцца з душой, чаму б не падзякаваць? Грошай у мяне няма, а ад таго, што набяру нумар і добрыя словы скажу, – мне ж нічога не паменее…
У маёй хаце нібы штаб чарнянскі. Каму што патрэбна – да мяне ідуць. Калі што арганізаваць трэба – тут усе збіраемся ды раімся. Не так даўно разам са старшынёй сельсавета арганізавалі ў сябе свята – Дзень пажылых людзей. Мы ж тут усе амаль толькі і засталіся пажылыя. Пасядзелі. З Белага Балота да нас прыехалі – пазабаўлялі, канцэрт, салодкі стол. Каму можа і абы што, а нам жа такая радасць! Іншы раз думаю, хай бы ўжо мо Бог мяне і забраў, а пасля такога – жыць хочацца. Цікава жыць! Таму, мабыць і жывая…
Адно мяне засмучае – што маладыя мужыкі ды й дзеўкі цяпер таксама ў гарэлку тую кідаюцца. Колькі ж яна люду са свету зжыла, і ведаюць жа, а не абдумваюцца. Ім можа і няўцямна, а колькі маткам гора яны робяць. Вось усё добра ў нашай краіне. Клапоціцца дзяржава і пра нас – старых, і пра маладых. Але часам занадта. Вось ніколі я таго не прыму і не зразумею, што маладыя могуць аформіцца даглядаць сваіх бацькоў, і за гэта ім грошы яшчэ плоцяць, і стаж ідзе, нібыта яны на працу ходзяць. Я колісь на ферму ў 16 гадоў прыйшла. То мы бідоны саракалітровыя метраў за сто на воз на спіне цягалі, пакуль брыгадзір не пабачыў ды не загадаў таму возніку заязджаць да хлявоў. А цяпер мужык здаровы маме есці варыць ды хлеб з лаўкі носіць – і нібы працуе. Ды мяне б сумленне заела, каб я глядзела сваю маму і за гэта грошы атрымлівала! Няправільна гэта...
Хаця ведаю, што моладзь у нас у большасці добрая. Мае дзеці ды й унукі, а іх ужо сямёра, дзякуй Богу, параслі людзьмі харошымі, вывучыліся, унук адзін у войску зараз служыць. А неяк гадоў чатыры-пяць таму звоніць мне Аляксандраўна (старшыня сельсавета Наталля Аляксандраўна Ламака), кажа: прысылаюць да вас на ФАП хлопца маладога працаваць, а акрамя вас куды ж у Чорным яго прыстроіць? Ну я… што ж мне рабіць? Усё адно ў хаце сама з сабою жыву, хай, кажу, едзе, вазьму на кватэру. Ды каб жа ж не ўздумаў грошаў аніякіх мне даваць! Пачаў жыць. Добры фельдчар аказаўся, граматны. Шчыра працаваў, чым мог нашым старым дапамагаў. На лісапедзік сядзе і ў Пескаполле ці шчэ ў якую вёску куды трэба паедзе. Ды й мне па гаспадарцы паможа – то дровы паколе, то грубы напаліць. Нібы сын мне стаў. А тады ў салдаты забралі. Пакуль служыў – і ФАП наш закрылі. Кажуць, мала людзей тут жыве, да Белабалоцкага далучылі. А мой кватарант як з арміі прыйшоў, да мяне прыехаў, падарунак нават прывёз, кажа “Баба Каця, памятаў, як жыў у Вас, усю службу”. А мне ж так прыемна, што не забыў старую. Ці ж я чакала, што ён да мяне прыедзе?! А ён памятае, удзячны. Цяпер у раённай бальніцы ўжо ўрачом працуе. Мне калі-нікалі пазваньвае – не забываецца. Добрыя маладыя зараз. І гэта мне найбольш даспадобы. Трэба жыць. Бо жыццё заўжды працягваецца, і няхай яно лепей толькі робіцца! Колькі я змагу, то і я памагаць буду яго лепшым рабіць!