Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Дрэнная звычка
Источник: Dneprovec.by Фото: з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар
– Сцяпан, што ты на гэты раз майструеш? – высунулася суседка з-за паркана.
– Ды вось рыдлёўку-чараўніцу раблю. Сама будзе ўскопваць агарод, – пачулася ў адказ.

У вёсцы Сцяпан слыў добрым майстрам, рацыяналізатарам. Усё штосьці прыдумваў, удасканальваў па гаспадарцы. Хутка разнеслася па вёсцы навіна – іх аднавясковец зрабіў рыдлёўку-цуда. Сама капае. Усе жанчыны зацікавіліся гэтым. А больш за ўсіх інтарэс займеў Кузьма, які быў лёгкі на руку «скузьміць» што-небудзь. У яго паляцелі думкі, а за колькі ён прадасць гэтую прыладу, неабходную ў сялянскай гаспадарцы.
Надышла ноч. Вёска заснула, адзін злодзей не спіць, чакае свайго часу выйсці на чорную справу. Ціхенька пракраўся ў майстэрню суседа і дакрануўся да сваёй спажывы. Раптам на яго ўпала нешта ліпкае і смярдзючае. Немагчыма выблытацца. Страх адолеў усю істоту начнога госця. Ён закрычаў немым крыкам:
– Людцы, дапамажыце! Я больш не буду лазіць па чужых дварах!
Сабакі па ўсёй вёсцы пачалі свае залівістыя перазовы. Прачнулася ўсё наваколле. Выйшаў гаспадар і вызваліў начнога госця з пасткі. Так Сцяпан выкрыў злодзея вёскі. З таго часу Кузьма пазбавіўся назаўсёды сваёй дрэннай звычкі.