Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Незвычайныя лісточкі
Источник: Dneprovec.by Фото: з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар
Да мяне ў госці прыехаў трохгадовы ўнук Цімурка з бацькамі. Мы папілі чаю і разгаварыліся. Малому ў хаце не сядзелася, і ён папрасіўся пагуляць у садзе. Вельмі хутка ўзрушаны ўнук убег у хату і ўсхвалявана выгукнуў: «Дзед, у цябе ў садзе на адным дрэўцы з’явіліся рознакаляровыя лісточкі!» Мы здзіўлена пераглянуліся.

– Ды не, унучак, гэтага не можа быць. На вуліцы зіма. Якія лісточкі на дрэвах?
– Яшчэ як могуць быць! – не здаваўся ўнук. – Гэта на другіх дрэвах няма лісточкаў, а на тваім ёсць. Пойдзем, пакажу, – цягнуў мяне за руку Цімка.
Я вымушаны быў згадзіцца, і мы выйшлі ў сад. «Вунь, дзеда, паглядзі!» – паказаў унук у канец сада. Зірнуў я ў той бок і ўбачыў яблыньку, усе галінкі якой былі аблеплены маленькімі птушачкамі.
– Ну, вось, я ж табе казаў, – Цімка адчуваў перавагу.
– А ты падыйдзі да дрэўца і ўбачыш, як паляцяць гэтыя лісточкі ў неба.
Цімурка, размахваючы рукамі, пабег да яблынькі. «Лісточкі» падняліся ўрассыпную, а потым селі на другое дрэва. Унук разгублена пазіраў на мяне.
Я растлумачыў, что гэта птушачкі-сінічкі. Яшчэ мы іх называем гаічкамі. Ім стала голадна ў лесе, вось яны і падаліся да чалавека.
– Дзед, а давай іх пакормім!
Мы пайшлі ў хату. Там я знайшоў добры кавалак сала, парэзаў кавалачкамі, прымацаваў на нітачкі, і мы вярнуліся ў сад. Потым прывязалі сала да галінак і пачалі назіраць. Вельмі хутка птушачкі прыляцелі да пачастунку.
– Дзеда, зірні, сала ім спадабалася!
А назаўтра мы вырашылі зрабіць кармушкі. Унук нецярпліва чакаў гэтае «заўтра». І самай раніцай мы зрабілі некалі кармушак, прымацавалі іх да дрэва, насыпаўшы туда зерне і крошкі хлеба. Хутка з’явіліся птушкі: і вялікія сініцы, і гічкі,
і мітуслівыя вераб’і.
– Дзеда, а мы харошыя: птушак пакармілі, – падвёў вынік Цімка.
Я згадзіўся: па добрым справам можна рабіць выснову – дзень атрымаўся ці не. У нас атрымалася раніца, будзе і добры дзень. І задаволеныя мы пайшлі дадому.
Генадзь СУКАЧОЎ, в. Якімаўка