Общество > Нам пишут

1493

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Хто такі cапраўдны мужчына?

 +

Ну хто з хлапчукоў не марыць стаць сапраўдным мужчынам? Думаю, усе. Спачатку давайце паслухаем маіх суразмоўніц. Якая іх думка пра прадстаўнікоў моцнага полу.

 

Сваё меркаванне выказала мне дзяўчынка Паліна: «Сапраўдны мужчына – гэта сумленны, моцны, надзейны, добры сем’янін. Мой тата такім з’яўляецца».

Жанчына Таццяна дапоўніла: «Мужчына павінен быць мудрым, надзейнай апорай жанчыне, галантным, не мець дрэнных звычак».

А маленькі Міхаська, прыйшоўшы з дзіцячага садка, задаў бацькам пытанне: «А хто такі сапраўдны мужчына?» Прыйшлося ім весці гаворку, прыводзіць прыклады, каб хлопчыку было зразумела. Маці пачала расказваць: «Сапраўдныя мужчыны трымаюць слова, пазнаюцца добрымі справамі, мужныя, смелыя, слабых у крыўду не даюць. Твой тата пабудаваў дом, пасадзіў дрэва, стварыў сям’ю, клапоціцца пра нас». Хлопчык доўга маўчаў, нечым быў заклапочаны.

Праз некалькі дзён ён прынёс з прагулкі шмат галінак. У вольны час нешта майстраваў у сваім пакоі. Нарэшце паказаў бацькам свой выраб. Гэта была невялікая хатка, звязаная з дубчыкаў. «Тата, маці, я пабудаваў дом. Цяпер пасаджу каштан у вазон, а вясной перасаджу на вуліцу. Я хачу стаць сапраўдным мужчынам!» – голасна прамовіў Міхаська.

«Пойдзем, сынок, у залу. Там вісіць партрэт твайго прадзеда Івана. Ён быў мужным чалавекам, абаронцам нашай Радзімы, нашай сям’і», – павёў тата сына, расказваючы пра жыццё прадзеда. Хлопчык доўга ўзіраўся ў фотаздымак, а потым прамовіў: «Вырасту і я стану абаронцам, вашай апорай».

У бацькі на вачах паказаліся слёзы радасці за сына. Пасля гэтых слоў ён не вытрымаў і ўручыў сыну салдацкую пілотку з чырвонай зоркай – памятную рэч, якая засталася ад старэйшыны іх роду.

Увечары Міхасёк ляжаў у ложку і складаў дзейсны план на наступны дзень. Калі бацькі ўвайшлі ў пакой і паглядзелі на сына, які прыціскаў да сябе каштоўны падарунак, на яго твары блукала шчаслівая ўсмешка. «Падрастае ў нашай сям’і сапраўдны мужчынка», – прыйшлі да высновы бацькі.

Ніна Трошка, в. Жмураўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity