Общество > Нам пишут

2000

Нам пішуць. Гарадская бібліятэка № 2: чытанне – безумоўна, гэта лепшае навучанне

 +

Больш дваццаці гадоў я карыстаюся паслугамі філіяла «Гарадская бібліятэка № 2» і ўсё больш пераконваюся, што памыляюцца тыя, хто сцвярджае аб наступленні заняпаду бібліятэк. Ніколі не пагаджуся.

 

Вось прыклад: напрыканцы ліпеня мы з жонкай Марыяй Аляксееўнай зайшлі ў бібліятэку каля 11 гадзін, каб памяняць прачытаныя кніжкі. Перад намі зайшлі дзве дзяўчынкі гадоў па 10–12 і папрасілі папрацаваць у чытальнай зале з падручнікамі па гісторыі Рэчыцы.

Надыйшла наша чарга, і мы палажылі на стол выбраныя кнігі. У гэты час з'яўляюцца яшчэ тры дзяўчынкі і вельмі просяць абслужыць іх хутчэй, бо яны спяшаюцца на аўтобус. «А што ж вы чытаеце?» – пытаюся ў іх. «Праграмную літаратуру», – адказваюць яны.

Пасля да бібліятэкарскага стала падыйшла жанчына-пенсіянерка і папрасіла даць ёй маляўнічы часопіс пра Мінск.

 

І гэтак на працягу ўсяго працоўнага дня. Кожнага наведвальніка тут сустракаюць добрай усмешкай
і не меньш добрай душой. А там, дзе чалавека чакаюць, дзе радуюца сустрэчы з ім, туды і ідуць людзі.

Трэба падкрэсліць, што тут склаўся вельмі прафесійны, працалюбівы, клапатлівы і прыветлівы калектыў. Таму кожнага чытача
сустракаюць цёплым прывітаннем і гатоўнасцю задаволіць яго спрос.

Хочацца падкрэсліць, што сённяшняя загадчыца філіяла «Гарадская бібліятэка № 2» Таццяна Аляксандраўна Петрусевіч старанна працягвае замацоўваць усё лепшае, што напрацавала яе папярэдніца Алена Іванаўна Коваль. Менавіта па ініцыятыве Таццяны Аляксандраўны ў бібліятэцы праведзена цікавая выстава віншавальных паштовых картак савецкага часу з прыватнай калекцыі чытача М. А. Мацюшенкі у колькасці звыш 250 штук. Усе яны выстаўляліся па раздзелам: «1 Мая», «Дзень Кастрычніка», «З Новым годам!» і гэтак далей. У планах загадчыцы яшчэ адно новае дзела – дастаўляць кнігі на кватэры чытачоў-пенсіянераў, якія па стану здароўя не могуць наведваць бібліятэку.

Тут працуюць таксама улюбёныя ў сваю справу Алена Георгіеўна Радчанка, Алена Іванаўна Коваль, Ларыса Міхайлаўна Северава. Калі наогул характарызаваць дзейнасць гэтага творчага калектыву, дык тут не абыйсціся без савету вядомага рускага пісьменніка Максіма Горкага, які сказаў: «В карете прошлого
никуда не уедешь». Менавіта таму пастаянны пошук новага, цікавага, карыснага – характэрная асаблівасць кожнага супрацоўніка і калектыву бібліятэкі ўвогуле.

Кніжны фонд бібліятэкі налічвае больш за 40 тысяч экзэмпляраў кніг і часопісаў. Да паслуг чытачоў створаны алфавітны і сістэматычны каталогі, што значна аблягчае працу як бібліятэкараў, так і пошукі кніг чытачамі.

Гэтым духоўным скарбам карыстаюцца звыш 2,5 тысячы чытачоў. Сярод іх людзі розных прафесій і узросту. Але ж асаблівая ўвага ўдзяляецца чытачам сталага ўзросту. Дарэчы, Лідзія Мікіцічна Каваленка, Аляксандр Барысавіч Сіўко – наведвальнікі з 30-гадовым стажам. Актыўнымі чытачамі з'яўляюцца пенсіянеры: Вера Кімаўна Васюк, Галіна Міхайлаўна Несцярэнка, Аляксандр Міхайлавіч Логінаў, Уладзімір Віктаравіч Шырнін. Апошнім часам з'явіліся і сем'і чытачоў. Гэта сем'і Логінавых, Паслёнкіных, Баранавых.

Трэба асабліва падкрэсліць актыўную і мэтанакіраваную працу чытальнай залы. Манавіта ў ёй праводзяцца шматлікія мерапрыемствы для чытачоў з запрашэннем знакамітых рэчычан.

Дзякуючы намаганням кіраўніцтва бібліятэкі ўтварыўся моцны саюз з калектывам настаўнікаў і вучняў сярэдняй школы № 8. Намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Святлана Уладзіміраўна Хамянок і класныя кіраўнікі Надзея Васільеўна Шугай, Вольга Аляксандраўна Коваль, Таццяна Дзмітрыеўна Патапава не толькі часта бываюць у бібліятэцы, але і шмат дапамагаюць у падрыхтоўцы і правядзенні розных мерапрыемстваў. Менавіта ў чытальнай зале адбываюцца сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі ДАІ, МНС, санстанцыі, АСВОДа, дзе звяртаецца ўвага дзяцей на неабходнасць строгага выканання патрабаванняў па бяспецы.

Алена Георгіеўна Радчанка робіць з гурткоўцамі розныя прыгожыя падзелкі, у тым ліку і тэматычныя, а пераможцаў заахвочвае падарункамі.

Найбольш актыўнымі чытачамі 8-й школы з'яўляюцца вучні: Яна Абушкова, Вераніка Літошка, Паліна Северава, Глеб і Антон Еўтушэнкі. Вельмі старанным чытачом яшчэ з малодшых класаў з'яўляецца Мікіта Навуменка, ён нават калі вучыўся ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя
І. П. Шамякіна, то дыпломную работу пісаў, карыстаючыся фондамі гэтай бібліятэкі.

Чытальная зала стала месцам сустрэч рэчычан з беларускімі пісьменнікамі. Рэчыцкая пісьменніца Аксана Аляксандраўна Хвашчэўская тут часты госць. Яна з задавальненнем прымае ўдзел ў абмеркаванні сваіх твораў чытачамі. Жывы інтарэс вызвалі яе кнігі «Не любовь», «Миражи», і таму вельмі актыўна прайшоў аўтарскі вечар, арганізаваны па просьбе чытачоў. Бібліятэку наведвалі вядомы рэчыцкі пісьменнік Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, а таксама Аляксандр Васільевіч Чурылаў, які ў былым быў галоўным рэдактарам газеты «Дняпровец», ён падараваў бібліятэцы свае творы «И это всё о нас» і «Догадки о жизни». Сустракаўся з чытачамі і былы намеснік дырэктара «АвтоВАЗа» Пятро Макаравіч Кацура, ён падараваў ў бібліятэчны фонд сваю кнігу «АвтоВАЗ и его время», у якой расказвае аб падрыхтоўцы і будаўніцтве Волжскага аўтамабільнага завода.

У бібліятэцы традыцыйна размяшчаюцца выставы, прысвечанныя юбілейным датам, дзяржаўным святам, а таксама выставы новых твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў.

Хочацца падзякаваць працалюбіваму калектыву библіятэкі за старанную працу і пажадаць ім далейшых поспехаў у справе стварэння душэўнай асалоды для сваіх чытачоў.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity