Спорт

1062

Таленты Рэчыцкага раёна. Юная спартсменка з Салтаноўскай СШ

 +

Усе вучні нашай Салтаноўскай сярэдняй школы вельмі любяць урокі фізічнай культуры і здароўя. Асабліва Вікторыя Дрыжай, вучаніца 7 класа, якая на мінулым тыдні прымала ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах па летняму мнагабор’ю «Здароўе» сярод вучняў вясковых школ і заняла ў складзе зборнай Гомельскай вобласці ІІІ месца. А таксама Вікторыя заняла ІІІ месца ў рэспубліцы ў асабістым першынстве сярод дзяўчат 7 класаў.

 

Падрыхтоўкай Вікторыі займаўся настаўнік фізічнай культуры і здароўя вышэйшай катэгорыі Леанід Сівадзед. Ён мае вялікі вопыт працы і падрыхтаваў шмат прызёраў і спартыўных чэмпіёнаў сярод вучняў нашай школы. «Віка вельмі здольная, старанная вучаніца, – гаворыць Леанід Міхайлавіч. – На абласных спаборніцтвах па мнагабор’ю яна выйшла на першае месца».

Вікторыя выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і, дзе бацькі зацікаўлены ў развіцці фізічных здольнасцяў сваіх дзяцей, таму надаюць шмат увагі здароваму ладу жыцця, спартыўнаму выхаванню. Дзяўчынка наведвае разам са старэйшым братам Яраславам секцыю па футболе ў спартыўным комплексе «Надзея» г. Рэчыцы, а таксама ДЮСШ № 2. Яе брат Яраслаў, вучань 10 класа, таксама не раз прыносіў нашай школе спартыўныя перамогі ў раённых і абласных спаборніцтвах па футболе і лёгкай атлетыцы.

 

Вялікая падзяка ад калектыву Салтаноўскай сярэдняй школы бацькам Анастасіі і Валерыю Дрыжай за развіццё фізічных здольнасцяў сваіх дзяцей і выхаванне культуры здаровага ладу жыцця. Будзем спадзявацца, што ў будучыні Вікторыя яшчэ не раз падыме нашу школу на п’едэстал перамогі, бо перамагаць ёй дапамагае нават імя.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity